У знешняй палітыцы партыя патрабуе ад уладаў прытрымлівацца курсу на нейтралітэт.

Згодна з прынятым 28 мая рашэннем Цэнтральнага камітэта БСДП (Грамада), мяркуецца, што падрыхтаваныя да выбараў у мясцовыя саветы не менш як 110 кандыдатаў прымуць удзел і ў выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2020 годзе. Сацыял-дэмакраты маюць намер удзельнічаць у кампаніі назірання за выбарамі “Права выбару 2018” з мэтай выяўлення магчымых парушэнняў і фальсіфікацый выбарчага заканадаўства, а таксама процідзеяння ім.

Акрамя таго, паведамляе БелаПАН, удзел у выбарах павінен прыцягнуць у партыю новых членаў, праверыць мабілізацыйныя здольнасці яе раённых і абласных арганізацый.

У сваіх перадвыбарных праграмах сацыял-дэмакраты, у прыватнасці, маюць намер выкарыстоўваць рыторыку, скіраваную на абарону правоў чалавека і сацыяльных правоў грамадзян, а ў агітацыйных матэрыялах размяшчаць беларускамоўныя тэксты.

Таксама 28 мая Цэнтральны камітэт БСДП (Грамада) прыняў заяву з заклікам да ўрада Беларусі, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і прэзідэнта адмовіцца ад правядзення сумесных беларуска-расійскіх вучэнняў “Захад-2017”. “Мы лічым правядзенне гэтых ваенных вучэнняў несвоечасовым і накіраваным на далейшую эскалацыю канфлікту паміж Расіяй, Украінай і краінамі НАТА. У гэта супрацьстаянне патэнцыйна ўцягваецца і Беларусь, што супярэчыць арт. 18 Канстытуцыі, у якім прапісана, што Беларусь ставіць мэтай быць нейтральнай”, — гаворыцца ў заяве апазіцыйнай партыі.

Замест вайсковых вучэнняў сацыял-дэмакраты заклікаюць прыняць меры для міжнароднага прызнання нейтралітэту Беларусі, адмовіцца ад часовага уводу расійскіх войскаў на тэрыторыю нашай краіны, распачаць працэс перамоваў аб вывадзе расійскіх ваенных аб’ектаў з тэрыторыі Беларусі. “Мы таксама заклікаем ініцыяваць выхад Беларусі з Арганізацыі Дагавору аб калектыўнай бяспецы (АДКБ)”, — адзначаецца ў заяве.

 
Фота з адкрытых крыніц