Пра гэта заявіў 29 мая журналістам у Сімферопалі кіраўнік расійскага нагляднага ведамства Сяргей Данкверт.

Мы пакуль не збіраемся інспекцыі рабіць, таму што гэтыя інспекцыі вядуць да таго, што сітуацыя для нашых калегаў не заўсёды паляпшаецца, а, наадварот, пагаршаецца“, — цытуе Данкверта ТАСС.

Пры гэтым ён заявіў, што не з’яўляецца прыхільнікам правядзення інспекцый. “Я не прыхільнік пасылаць інспекцыі, я прыхільнік таго, каб ажыццяўляць маніторынг на мяжы“, — падкрэсліў Данкверт.

З 15 мая Рассельгаснагляд увёў рэжым узмоцненага лабараторнага кантролю ў дачыненні да дзевяці беларускіх малочных прадпрыемстваў і часова абмежаваў пастаўкі прадукцыі яшчэ з сямі. Усяго, паводле даных расійскага ведамства, пад рознага роду абмежаваннямі знаходзяцца больш за 30 беларускіх прадпрыемстваў. У красавіку і маі дзве групы прадстаўнікоў ведамства інспектавалі прадпрыемства ў розных рэгіёнах Беларусі, у выніку былі дазволеныя пастаўкі прадукцыі двух з іх.

25 мая Данкверт заявіў пра выяўленне ў беларускай прадукцыі рэшткаў антыбіётыкаў для лячэння венерычных захворванняў у кароў. У адказ на гэта намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксандр Субоцін 26 мая паведаміў, што Мінсельгасхарч праводзіць інтэнсіўную працу, “каб звесці да мінімуму выкарыстанне антыбіётыкаў”. Пры гэтым ён падкрэсліў, што антыбіётыкі выкарыстоўваюцца для лячэння жывёл ва ўсім свеце і маюць мноства паказанняў.

Тым не менш, дадаў Субоцін, беларускі бок праводзіць інтэнсіўную працу, “каб звесці да мінімуму выкарыстанне антыбіётыкаў”, і мае намер найбліжэйшымі днямі накіраваць на адрас Рассельгаснагляда інфармацыю пра ўзмацненне кантролю за сыравінай. “Гэтая інфармацыя ідзе да іх, яны яе прапрацоўваюць і абяцалі на працягу дзесяці дзён разгледзець магчымасць зняць абмежаванні з астатніх прадпрыемстваў. Калі гэтага не будзе, то, напэўна, на наступным тыдні мы ініцыюем сустрэчу ў фармаце двух міністраў“, — сказаў намеснік міністра.

Па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі беларускія праваахоўныя органы праводзяць у дачыненні да Данкверта праверку на прадмет прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці за нанясенне шкоды Беларусі.