Падчас сольнага канцэрта гучалі лепшыя песні на cловы паэта Генадзя Бураўкіна — аднаго з выбітных лірыкаў беларускай паэзіі, які пайшоў з жыцця амаль тры гады таму — 30 траўня 2014 года. Зміцер Вайцюшкевіч таксама раз-пораз чытаў прыгожыя лірычныя вершы Генадзя Бураўкіна.
 
Першае супрацоўніцтва Вайцюшкевіча з Бураўкіным адбылося дзесяць год таму — тады выйшаў альбом «Лірыка», цалкам напісаны на вершы паэта. Пазней Зміцер ствараў з Генадзем Мікалаевічам кампазіцыі для альбомаў «Тое, што трэба» (2008), «Варанок» (2013), «Наша песня» (2015). Былі і неальбомныя творы — напрыклад, песня «Дакачайся, матуля», якая і дала назву праграме.

 

 

 

 

Гледачы вельмі цёпла сустрэлі Змітра Вайцюшкевіча. Поўная заля ахвотна падхоплівала знаёмыя і любімыя песні і пасля заканчэння канцэрту тройчы выклікала музыку на біс. Напрыканцы канцэрта Зміцер Вайцюшкевіч выканаў песню «Нібыта музыка не тая» на словы Уладзіміра Някляева адмыслова для свайго сябра паэта, а таксама знакамітую «Калыханку» Генадзя Бураўкіна.
Фота: NOVYCHAS.BY