Паводле слоў загадчыцы аддзела прафілактыкі ВІЧ/СНІД Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ганны РУСАНОВІЧ, у Мінскай і Гомельскай абласцях, дзе сканцэнтравана найбольшая колькасць людзей з ВІЧ, плануецца пашыраць скрынінг, які ў 2015 годзе ахапіў 12 працэнтаў насельніцтва, а летась — 13. 

У краіне сёння пражывае 17 748 ВІЧ-інфіцыраваных, а за ўсе гады назірання (з 1987 года) было выяўлена каля 23 тысяч. 40 працэнтаў выпадкаў прыпадае на Гомельскую вобласць, на Мінск і Мінскую вобласць — 30 працэнтаў усіх зарэгістраваных выпадкаў. Характэрна, што ў эпідпрацэс уцягваюцца людзі 30—40 гадоў і старэйшыя. Калі пацыент прымае тэрапію і выконвае ўсе рэкамендацыі ўрача, то фактычна само захворванне не ўплывае на працягласць яго жыцця, а калі не прымаць ніякіх мер, размова ідзе пра 12—15 гадоў.

Апытанні паказваюць, што стыгматызацыя ў нашым грамадстве ўсё яшчэ вельмі моцная. Усяго каля 20 працэнтаў рэспандэнтаў адзначылі, што набудуць прадукты ў прадаўца з такім дыягназам. Столькі ж пагадзіліся з тым, што ВІЧ-пазітыўны настаўнік можа працаваць ў школе. І далёка не сто працэнтаў кіраўніцкага складу буйных прадпрыемстваў гатовы ўзяць такога чалавека ў працоўны калектыў.