Такое меркаванне выказала дэпутат Палаты прадстаўнікоў, першы намеснік старшыні «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Алена Анісім, выступаючы 25 мая ў Мінску на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Мова як фактар захавання нацыянальнай ідэнтычнасці: беларуска-ўкраінскі кантэкст».

Канферэнцыя была арганізаваная з ініцыятывы пасольства Украіны ў Беларусі пры садзейнічанні Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Нацыянальнай бібліятэкі, піша БелаПАН.

Паводле слоў Анісім, існуюць два меркаванні наконт ролі мовы ў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў. Адны лічаць, што беларуская мова з’яўляецца вызначальным фактарам нацыянальнай прыналежнасці, іншыя прытрымліваюцца думкі, што ў гэтым пытанні мова не мае ключавога значэння і з’яўляецца толькі адным з фактараў.

«Прыхільнікі другой думкі ў якасці аргументаў прыводзяць прыклады Швейцарыі і іншых краін, дзе існуе не адна, а некалькі дзяржаўных моў, — адзначыла дэпутат. — Але ў нас даволі неардынарная моўная сітуацыя. З аднаго боку, ёсць дастаткова распрацаваная літаратурная мова, якая існуе шмат стагоддзяў, мае статус дзяржаўнай, можа выкарыстоўвацца ў розных сферах грамадскага жыцця. З іншага боку, яна практычна не ўжываецца ў структурах улады, надзвычай абмежавана выкарыстоўваецца ў тэле- і радыёпрасторы, выцясняецца з сферы адукацыі».

«Нягледзячы на канстытуцыйнае права карыстацца дзяржаўнай беларускай мовай без абмежаванняў, на практыцы ажыццявіць гэтае права досыць складана, а ў некаторых выпадках — немагчыма», — падкрэсліла Анісім.

У апошнія гады, адзначыла яна, грамадства пачало рэагаваць на такія трывожныя працэсы павышанай цікавасцю да нацыянальнай мовы, чаму сведчанне — з’яўленне шматлікіх бясплатных моўных курсаў. Для слухачоў гэтых курсаў «пытанне нацыянальнага самавызначэння наўпрост звязанае з беларускай мовай». Многія з іх носяць вышыванкі і «абазначаюць сябе нацыянальнай сімволікай — бел-чырвона-белым спалучэннем колераў і гербам «Пагоня», такім чынам «пазіцыянуючы сябе носьбітамі беларускай культуры».

Дэпутат звярнула ўвагу на тое, што такія працэсы ў беларускім грамадстве сталі больш актыўна праяўляцца «пасля вядомых падзей ва Украіне — анексіі Крыма і падзей у Данецкай і Луганскай абласцях».

«Калі ва ўсім свеце назіраецца актуалізацыя пытанняў дзяржаўнасці, мова становіцца адным з галоўных фактараў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі і ўстойлівасці дзяржавы, — сказала яна. — У нас шмат што прынятае на дзяржаўным узроўні [для развіцця мовы тытульнай нацыі], многае напрацаванае ў грамадстве, таму нам, беларусам, сёння важна кансалідаваць свае дзеянні і падштурхнуць органы ўлады да таго, каб яны перайшлі ад дэкларатыўных заяў да практычных дзеянняў па пашырэнні сферы ўжывання беларускай мовы».

«Толькі ў гэтым выпадку наша краіна зможа пазіцыянаваць сябе як выдатны самастойны дзяржаўны суб’ект міжнароднай супольнасці», — падагульніла Анісім.

Фота: БЕЛАПАН