Экспазіцыя выстаўкі, якая адкрылася 25 мая, пазнаёміць наведвальнікаў з літаратурнай спадчынай народных паэтаў: прыжыццёвымі і сучаснымі выданнямі твораў, матэрыяламі канферэнцый, зборнікамі артыкулаў аўтарытэтных літаратуразнаўцаў, выданнямі па гісторыі беларускай літаратуры, дзе з пазіцыі сучаснасці ацэньваецца спадчына паэтаў, раскрываецца яе значэнне ў далейшым станаўленні мастацтва слова. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь упершыню прадставіць шэраг унікальных дакументаў — асабістыя справы, рукапісы з аўтографамі пісьменнікаў, пасведчанні аб прысуджэнні ўзнагарод і іншыя архіўныя дакументы.

Да двайнога юбілею класікаў беларускай літаратуры Нацыянальная бібліятэка Беларусі распрацавала тэматычныя экскурсіі з цыкла «Праслаўленыя імёны Айчыны».

Імёны Купалы і Коласа ў нашым уяўленні заўсёды побач. І не толькі побач адно з адным, але перш за ўсё — побач з народам. Яны, сапраўды, пачатак усіх пачаткаў у беларускай культуры, літаратуры і мастацтве. Спадчына пісьменнікаў узнімае і прадстаўляе культуру роднай краіны на міжнароднай арэне: іх творы не толькі ўвайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры, але вядомыя і любімыя далёка за мяжой. Дзякуючы свайму таленту паэты змаглі на ўвесь голас, хоць і кожны па-свойму, расказаць свету пра Беларусь і яе праве заняць «свой пачэсны пасад між народамі».

Юбілейная экспазіцыя «Алмазы беларускай літаратуры» будзе працаваць да 30 снежня бягучага года. Арганізатарамі выстаўкі з’яўляюцца Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Фота: belta.by