Яна дапамагае шукаць продкаў, якія жылі на тэрыторыі Беларусі.

Праз «Дапаможнік» можна высьветліць, у якіх населеных пунктах у канцы ХІХ — першай палове ХХ стагодзьдзя жылі людзі з пэўнымі прозьвішчамі. Асноўнай крыніцай паслужылі сьпісы, надрукаваныя ў гісторыка-дакумэнтальных хроніках гарадоў і раёнаў Беларусі сэрыі «Памяць».

У пошукавай сыстэме ёсьць зьвесткі са сьпісаў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і мірных жыхароў, якія загінулі ў той час, перадае “Радыё Свабода“, а таксама са сьпісаў ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-х — 1950-х гадоў. У гэтых сьпісах пазначаныя ня ўсе, але пераважная большасьць прозьвішчаў, якія існавалі ў той час, з прывязкай да паселішчаў. Сьпісы загінулых габрэяў не апрацоўваліся, бо яны ёсьць на сайце Yad Vashem. Усе прозьвішчы пададзеныя ў беларускай артаграфіі.

Каб атрымаць сьпіс паселішчаў, у якіх зафіксавана пэўнае прозьвішча, трэба на стартавай старонцы ўвесьці ў пошукавае акенца ўсё прозьвішча ці яго частку на беларускай мове, а на панэлі пад акенцам выбраць опцыю «Прозьвішчы». Рэгістар мае значэньне. Калі ўведзеная частка пачынаецца зь вялікай літары, супадзеньні будуць шукацца з пачатку прозьвішчаў, калі з малой літары — у любым месцы, акрамя пачатку.

Калі прозьвішча рэдкае, пошук пакажа ўсе паселішчы, у якіх яно сустракалася, з пазначэньнем сучаснай прыналежнасьці да раёну, а па дадатковым кліку — прыналежнасьці да сельсавету на той час, калі стваралася хроніка «Памяць» адпаведнага раёну (у большасьці выпадкаў гэта 1980-я ці 1990-я гады). Калі паселішча лякалізаванае на сучасных ці старых мапах, можна ўбачыць і яго месцазнаходжаньне.

Для паселішчаў, якія зьніклі раней за 1970-я гады, беларускіх назваў у базе дадзеных, як правіла, няма. Іх можна знайсьці толькі па расейскай назьве.

Поўную інструкцыю па карыстаньні дапаможнікам можна прачытаць на сайце «Архівы Беларусі».