Паводле яго слоў, папярэднічаць пасяджэнню будзе сумесная калегія міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Расіі, якая пройдзе 5 чэрвеня ў Маскве. Акрамя таго, 27—30 чэрвеня ў расійскай сталіцы пройдзе чарговы форум рэгіёнаў дзвюх краін.

“Тое, што паміж Беларуссю і Расіяй сёння цесныя адносіны, — вынік узаемадзеяння паміж рознымі органамі дзвюх краін, — заявіў Макей. — Расія для нас з’яўляецца важным партнёрам. Наша супрацоўніцтва развіваецца ва ўсіх сферах, і па ўсіх напрамках дасягнутыя вынікі перавышаюць узровень узаемадзеяння з іншымі дзяржавамі”.

Пасяджэнне ВДС планавалася яшчэ ў лютым. 2 лютага прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў паведаміў, перадае БелаПАН, што адной з ключавых тэм саюзнага саміту стане пытанне энергетычнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. Аднак пасля безвыніковых перамоў па нафце і газе, якія правялі 4 лютага ў Маскве віцэ-прэм’еры Беларусі і Расіі Уладзімір Сямашка і Аркадзь Дварковіч, Пяскоў заявіў, што тэрміны пасяджэння ВДС пакуль не ўзгодненыя.

Раней Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што Беларусь не супраць правядзення чарговага пасяджэння ВДС, але на ім павінны быць прынятыя рашэнні па шэрагу канкрэтных пытанняў. “Мы павінны падрыхтаваць парадак дня гэтага пасяджэння і пазначыць там карэнныя пытанні, якія павінны сёння вырашацца”, — сказаў ён 9 сакавіка. ВДС, паводле слоў Лукашэнкі, не павінен ператварацца ў “засядалаўку” — прыехалі, адзін на аднаго паглядзелі, перакусілі і раз’ехаліся, а рашэння пытанняў няма”.

 
Фота з адкрытых крыніц