Аб гэтым заявіў намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Крутой, выступаючы 23 мая на эканамічнай канферэнцыі ў Мінску, якую арганізавала міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings.

«Згодна з бягучымі ацэнкамі, мы чакаем гадавую велічыню індэкса спажывецкіх цэн на ўзроўні 5,5—6%. Гэта будзе рэкорднае зніжэнне інфляцыі за апошнія 20—25 гадоў», — падкрэсліў Крутой.

Ён звярнуў увагу на тое, што за студзень—красавік інфляцыя ў краіне вырасла на 2,4%. «За першыя тры тыдні спажывецкія цэны выраслі на 0,1%. Урад чакае, што па выніках студзеня—мая інфляцыя складзе 2,5%», — сказаў намеснік міністра.

Крутой таксама зазначыў, перадае БелаПАН, што летам інфляцыя можа працягваць запавольвацца з улікам уплыву сезоннага фактару. «Летам у нас традыцыйна адбываецца сезоннае памяншэнне цэн на гародніну, таму ў асобныя месяцы — як, напрыклад, у жніўні мінулага года — магчымая дэфляцыя», — сказаў прадстаўнік Мінэканомікі.

Паводле яго слоў, трэнд на запаволенне інфляцыі абумоўлены спрыяльнай сітуацыяй на валютным рынку.

Варта зазначыць, што ўжо больш за год насельніцтва ў Беларусі застаецца чыстым прадаўцом замежнай валюты на ўнутраным рынку. Эканамісты Нацыянальнага банка тлумачаць гэтую тэндэнцыю тым, што ва ўмовах зніжэння рэальных даходаў людзі імкнуцца падтрымліваць ўзровень спажывання на дакрызісным рынку.

Раней урад і Нацбанк ставілі задачу знізіць у 2017 годзе інфляцыю да 9%. Замежныя эксперты падзяляюць меркаванне аб тым, што інфляцыя ў гэтым годзе замарудзіцца да адназначных велічыняў.

«Мы таксама лічым, што інфляцыя ў Беларусі будзе працягваць запавольвацца, — заявіў на сённяшняй канферэнцыі ў Мінску кіраўнік аналітычнай групы па рынках Еўропы, якія развіваюцца, міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Fitch Ratings Пол Гэмбл. — У папярэднія гады інфляцыя ў краіне была высокай. Для Беларусі гэта заўсёды адлюстроўвала нестабільную макраэканамічнае асяроддзе. Таму запаволенне інфляцыі, безумоўна, станоўча будзе адбівацца на краінавым профілі Беларусі».

 
Фота з адкрытых крыніц