22 мая на канферэнцыі “Практыка рэалізацыі эканамічнай стратэгіі Беларусі. Інвестыцыі для бізнесу і рэгіёнаў” Раманчук адзначыў, перадае БелаПАН, што ў Беларусі і Ірландыі ёсць шэраг падобных рысаў: малыя адкрытыя эканомікі, наяўнасць вялікага дамінуючага суседа (Расія і Вялікабрытанія), эксперыменты з дзяржпланаваннем і дзяржрэгуляваннем і г. д.

Краіны, адзначыў даследчык, прыкладна ўдвая адрозніваюцца па колькасці насельніцтва: у Беларусі пражывае 9,5 млн чалавек, а ў Ірландыі — прыблізна 5 млн. Пры гэтым ВУП на душу насельніцтва ў Ірландыі складае больш за 62 тыс. долараў (4-е месца ў свеце ), у Беларусі — менш за 5,2 тыс. (93-е). Значна адрозніваецца таксама прадукцыйнасць працы ў разліку на аднаго занятага, нягледзячы на тое што, як падкрэсліў эканаміст, у Ірландыі “міністры і дырэктары не нясуць персанальную адказнасць за паказчыкі”.

У рэйтынгу Doing business, падкрэсліў Раманчук, Беларусь займае 37-е месца, Ірландыя — 18-е. Ірландыя прыкметна абганяе Беларусь у рэйтынгах эканамічнай свабоды, чалавечага развіцця і сацыяльнага прагрэсу.

“Гістарычным урокам” для Беларусі эксперт назваў рост у 91,2 разу ВУП на душу насельніцтва Ірландыі з 1960 года, моманту пачатку рэформаў, да 2016 года. Зараз, падкрэсліў даследчык, аб’ём ірландскага экспарту амаль у сем разоў перавышае беларускі, а аб’ём імпарту ў тры разы вышэйшы. Актуальная доля дзяржрасходаў Ірландыі адносна ВУП амаль у два разы ніжэйшая, чым у Беларусі.

Раманчук правёў паралель паміж першымі дзесяцігоддзямі існавання незалежнай Беларусі і перыядам 1920—60-х гадоў у Ірландыі. “Там быў перыяд нацыянальнага самасцвярджэння праз гандлёвы пратэкцыянізм, наяўнасць дзяржуласнасці, інвестыцыйны ізаляцыянізм і нацыяналізацыю. Усё гэта Ірландыя бачыла”, — сказаў эксперт.

 
Фота: google.by