На мінулым тыдні прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка істотна пашырыў санкцыі супраць расійскіх кампаній. У прыватнасці, інтэрнэт-правайдарам забараняецца прадастаўляць паслугі па доступе да рэсурсаў сэрвісаў “Яндэкс”, “Мэйл.ру”, а таксама сацсетак “УКантакце” і “Аднакласнікі”.

Апроч гэтага большасць дэпутатаў Вярхоўнай Рады прагаласавала за забарону георгіеўскай стужкі. За публічную дэманстрацыю або нашэнне стужкі прадугледжана пакаранне ў 850 – 2550 грыўняў, у выпадку паўторнай правіны на працягу аднаго года – да 5100 грыўняў і адміністрацыйны арышт на тэрмін да 15 сутак. Такія захады тлумачацца тым, што георгіеўская стужка ва Украіне стала “сімвалам расійскай акупацыі і агрэсіі”.

Наколькі дзеянні ўкраінскага ўраду слушныя, Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” спытала ў дырэктара Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэя Ягорава.

– Ці спыніць блакаванне расійскіх рэсурсаў плынь прапаганды і якія рызыкі гэта можа выклікаць?

– Такі крок вельмі неадназначны. З аднаго боку, сацыяльныя сеткі – канал для распаўсюду інфармацыі, а не сам інфармацыйны кантэнт, які распальвае варожасць ці робіць нейкія антыўкраінскія ўкіды. Абмежаванне гэтага асяроддзя – фактычна, абмежаванне свабоды слова. Але, з іншага боку, мы бачым, што рэальнасць, якая арганізуецца ў сацыяльных сетках, у значнай ступені тэхналагізаваная. Той, хто кантралюе гэтыя тэхналогіі, можа прасоўваць пэўныя рэчы, задаваць нейкія трэнды, парушаць таямніцу інфармацыі пра наведвальнікаў, перадаючы яе спецслужбам. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць аналізаваць інфармацыю і выкарыстоўваць яе дзеля нанясення шкоды камусьці.

Гэта датычыцца ўсіх сацсетак. Але ж расійская дзяржава ў значнай ступені кантралюе “Яндэкс”, “Аднакласнікі” і “УКантакце”. Мы ў “ЕўраБеларусі” самі сутыкаліся з гэтым: праз тое, што падавалі альтэрнатыўную інфармацыю аб падзеях на усходзе Украіны, “Яндэкс” стаў меньш “бачыць” наш сайт. Гэта стварае магчымасць маніпуляцый супраць Украіны, калі яна знаходзіцца ў стане вайны з Расіяй. Адзінае, чым можна апраўдаць блакіроўку, – сітуацыя вайны, дзе Украіна не можа справіцца з уздзеяннем, якое ідзе праз найбольш масавыя і ўплывовыя сацсеткі. Украіна вымушана пайсці на такі крок, бо на вайне магчыма шмат з таго, што ў мірны час немагчыма.

Але ці эфектыўны ён? Мне цяжка сказаць, наколькі гэтае блакаванне проста абыйсці. Але,  мяркуючы па беларускай сітуацыі, калі людзі заходзяць на заблакаваныя рэсурсы праз “Tor” ці іншыя сістэмы, гэта проста дадатковыя высілкі, якія прасцей праігнараваць, чым прыкладаць. Таму наведвальнасць гэтых рэсурсаў падае. Тэхнічна расійскія сацсеткі немагчыма заблакаваць “назусім”, і гэта не будзе зроблена, але праз складанасці доступу значная колькасць карыстальнікаў “адваліцца” і пойдзе на іншыя рэсурсы.

– То бок, мэта будзе дасягнута?

– Мэта – супрацьдзеянне расійскай прапагандзе, якая распаўсюджваецца праз гэтыя сеткі, але там ёсць і шмат карыснага, атрымліваецца, што выплёсківаюць ваду разам з дзіцем. Таму я і кажу, што гэта вельмі неадназначны крок, і стаўлюся да яго, хутчэй, адмоўна. Трэба было б абгульваць ворагаў у тым жа асяроддзі праз стварэнне інтэрнэт-камандаў прасоўвання, інфармацыйных войскаў, уласных каманд аналітыкаў. Простым выключэннем мэта не дасягаецца, немагчыма абрэзаць прапагандысцкую плынь, што б вы ні рабілі. Апроч таго на гэтым завязаны і электронны гандаль, і розныя групы грамадзянскай супольнасці, і шмат валанцёрскіх рухаў па дапамозе ўсходнім рэгіёнам Украіны працуюць праз тыя самыя сацыяльныя сеткі.

– А як ставіцца да яшчэ адной забароны, парушэнне якой караецца штрафам, а пры паўторы нават арыштам да 15 сутак – нашэння георгіеўскай стужкі? На вайне як на вайне?

– Гэтая логіка – “на вайне як на вайне” – небяспечная, бо вайной шмат што можна апраўдаць: адсутнасць эканамічных рэформ, карупцыю, дурацкія захады ўраду. Гэта, здаецца, такі самы дурацкі захад, як і пасадзіць чалавека, што агаліў азадак на “Еўрабачанні”. Забарона нічога не перапыняе, але распальвае пэўную сітуацыю варожасці. Трэба ствараць такую сітуацыю, каб паказаць, што нашэнне георгіеўскай стужкі – гэта няёмка, няправільна, выклікае адпаведныя асацыяцыі… Гэта дасягаецца інфармацыйнай палітыкай, працай з людзьмі, асацыяваннем гэтай стужкі з тэрарызмам. Простая забарона не вырашае сутнасці пытання, але відавочна абмяжоўвае тое, дзеля чаго мы змагаемся – свабоду, фундаментальныя правы чалавека, дэмакратыю. Такія захады – гэта самаабмежаванне, стрэл у нагу самому сабе.