Паводле інфармацыі прэс-службы ўрада, на пасяджэнні абмяркоўвалася прафілактычная работа ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. «На мой погляд, тут ёсць праблемы. Пра гэта сведчыць і статыстыка. Колькасць злачынстваў, учыненых непаўналетнімі, па выніках чатырох месяцаў гэтага года знізілася на 15,8% (з 711 да 599), але амаль палова з гэтых злачынстваў учынена навучэнцамі ліцэяў і каледжаў (46,6%)», — адзначыў віцэ-прэм’ер, перадае БелаПАН.

Крадзяжы складаюць 40% агульнай колькасці злачынстваў непаўналетніх, хуліганства — 19%, незаконны абарот наркотыкаў — 8,6%. «Такая трывожная сітуацыя сведчыць пра недахопы і праліках у працы, — сказаў Жарко. — Трэба задзейнічаць усе рэзервы: максімальна падключыць сям’ю, педагогаў, граматна выбудаваць індывідуальную работу з навучэнцамі. Неабходна ўважліва паглядзець на працу сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўстаноў адукацыі, прынцыпова ацаніць эфектыўнасць яе працы «.

Яшчэ адно разгледжанае на пасяджэнні пытанне — праца студэнцкіх атрадаў з падлеткамі, якія стаяць на ўліку. «Яшчэ з савецкага часу пастаянна развіваліся розныя формы працаўладкавання цяжкіх падлеткаў, у тым ліку ў студэнцкіх атрадах. Такі вопыт трэба пашыраць, таму што працоўнае выхаванне з’яўляецца адной з эфектыўных форм працы з такімі падлеткамі. Неабходна, каб у студатрадзе цяжкі падлетак атрымаў пазітыўны вопыт зносін, працоўныя навыкі, адчуў сябе патрэбным і карысным. Толькі ў гэтым выпадку мы атрымаем вынік «, — заявіў Жарко.

Разам з тым у арганізацыі працы студатрадаў «ёсць праблемныя моманты». Паводле інфармацыі Генеральнай пракуратуры, у мінулым годзе ў Мінску выяўляліся факты існавання фармальных студэнцкіх атрадаў. «Такога быць не павінна. Мінадукацыі неабходна забяспечыць больш жорсткі і дзейсны кантроль гэтых пытанняў», — сказаў намеснік прэм’ер-міністра.

 
Фото: google.by