Паводле яго слоў, сярэдняе спажыванне алкаголю на душу насельніцтва складае 8,9 літра.

Аднак згодна са звесткамі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, на кожнага жыхара Беларусі прыпадае 16,4 літра алкаголю (другое месца пасля Літвы).

Каментуючы розніцу ў лічбах, Малашка адзначыў, перадае БелаПАН, што не ведае, якой методыкай падліку карыстаецца СААЗ, а ў Беларусі падлік вядзецца па колькасці прададзенага алкаголю. Магчыма, выказаў меркаванне ён, СААЗ улічвае яшчэ і ўвезены кантрафактны алкаголь.

“Мы не будзем спрачацца наконт методык падліку, гэта было б няправільна, — сказаў Малашка. — Галоўнае тут, і гэта адзначае Сусветная арганізацыя аховы здароўя, што спажыванне алкаголю ў Беларусі зніжаецца. СААЗ падкрэслівае, што антыалкагольныя меры, якія прымае Беларусь, эфектыўныя”.

“На жаль, мы як нацыя спажываем вельмі шмат алкаголю, і гэта дрэнна. Гэта той фактар рызыкі, які рэальна можна ліквідаваць і які доказна ўплывае на стан здароўя чалавека. Мы павінны зрабіць усё, каб наша сумнае лідарства памянялася”, — заявіў міністр.

Адказваючы на пытанне, ці прывядзе заява СААЗ да ўзмацнення жорсткасці мер барацьбы з алкагалізацыяй насельніцтва, Малашка адзначыў, што “ўсе прымененыя меры — абмежавальныя, прафілактычныя і лячэбныя — павінны быць у балансе”. “Мы павінны прымяняць усе меры, якія выкарыстоўваюцца ў развітых краінах свету, у тым ліку гэта можа быць арганізацыя гандлю алкаголем у пэўных месцах, абмежаванне продажу ў начны час і г. д.”, — заявіў ён.

Паводле слоў міністра, прапанова аб абмежаванні часу продажу спіртнога знаходзіцца на разглядзе ў Адміністрацыі прэзідэнта.

 
Фота з адкрытых крыніц