Да гэтага часу федэрацыяй кіраваў старшыня КДБ Валерый Вакульчык, які цяпер узначаліў Назіральны савет БФБ.

Кандыдатура Андрыяна Цыбульскага была аднагалосна падтрымана ўдзельнікамі канферэнцыі, паведамляе прэс-служба федэрацыі біятлона, перадае БелаПАН. Намеснікам кіраўніка федэрацыі стаў Ігар Кузняцоў.

Новаабраны кіраўнік Беларускай федэрацыі біятлона адзначыў, што галоўнымі задачамі федэрацыі стануць: безумоўная пераемнасць у працы ранейшага кіраўніцтва, уключаючы стыль і практыку кіраўніцкай дзейнасці з накіраванасцю на практычны вынік; інтэнсіўная і якасная падрыхтоўка нацыянальнай каманды да XXIII Алімпійскіх гульняў у Пхенчхане; рэалізацыя распрацаваных інавацыйных прынцыпаў і метадаў падрыхтоўкі рэзерву.

Андрыян Цыбульскі нарадзіўся 19 сакавіка 1969 года ў вёсцы Белае Полацкага раёна Віцебскай вобласці. У 1983 годзе пачаў займацца біятлонам. У 1991 годзе скончыў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Кірава па спецыяльнасці “Фізічнае выхаванне”. Мае званне майстра спорту СССР па біятлоне (1990), заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь (2010).

З 2007 па 2013 год — галоўны трэнер жаночай нацыянальнай каманды, з 2013 па 2016 год — галоўны трэнер аб’яднанай нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па біятлоне.

 
Фота: google.by