На падставе аператыўнай інфармацыі 11 мая супрацоўнікі 7-га ўпраўлення (па Віцебскай вобласці) галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі пры сілавой падтрымцы АМАП УУС Віцебскага аблвыканкама затрымалі ў Аршанскім раёне 34-гадовага раней судзімага мужчыну.

Як паведамляецца на сайце УУС, перадае БелаПАН, дома ў затрыманага канфіскаваныя два пісталеты з патронамі, порах, патроны, цеплавізар, дзве радыёстанцыі з зараднымі прыладамі, грошы, у тым ліку ў замежнай валюце.

Паводле наяўнай інфармацыі, затрыманы з’яўляецца лідарам адной са злачынных груп, якая складаецца з жыхароў Аршанскага рэгіёна і замешаная ва ўчыненні злачынстваў маёмаснай накіраванасці на тэрыторыі сумежных абласцей Расіі, у тым ліку ў крадзяжах грузаў з аўтацягнікоў.

Падазраваны змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Канфіскаваныя зброя і боепрыпасы пройдуць неабходныя крыміналістычныя экспертызы.

Ёсць інфармацыя, што затрыманы карыстаўся падтрымкай аднаго з так званых крымінальных аўтарытэтаў Віцебска, які спрабаваў выступаць трацейскім суддзёй у вырашэнні канфліктаў паміж злачыннымі групамі. Апошні быў затрыманы ў сакавіку на тэрыторыі Смаленскай вобласці за серыю крадзяжоў, учыненых у 2014—2015 гадах. Затрыманне праведзена сумеснымі сіламі супрацоўнікаў 7-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС і крымінальнага вышуку Смаленскай вобласці.

 
Фота: google.by