Блізу 18:00 фатограф Яўген Стэльмах зрабіў здымак, які вы бачыце ніжэй. Ён кажа, што ў той час людзі ўжо пачалі разыходзіцца з парка, дзе святкавалі Дзень Перамогі, перадае Еўрарадыё. Але відавочцы сцвярджаюць, што камунальнікі пагасілі Вечны агонь значна раней: блізу 16-й гадзіны.

«Спачатку прыязджаюць супрацоўнікі гаргазу і з балона запальваюць Вечны агонь. Прайшоў мітынг — яны самі адтуль з’язджаюць і агонь гасяць. Эканомія эканоміяй, але ж такія рэчы грашыма не вымяраюцца, — абураецца Яўген Стэльмах. — Тут ці Вечны агонь і памяць — справа, а не проста словы, — ці… Не на такіх рэчах трэба эканоміць».

Не гарыць. Фота: Яўген Стэльмах.

У маладзечанскай ветэранскай арганізацыі Еўрарадыё запэўнілі: быць не можа такога, каб Вечны агонь не гарэў. Але ж факт у тым, што ў горадзе ёсць два «Вечных» агні. У двукоссях — бо абодва гараць толькі па святах.

Хто грэе рукі на Вечным агні?

Колькі каштуе Вечны агонь? Знайсці адказ на гэтае пытанне мы паспрабавалі на сайце дзяржзакупак. І ведаеце, што? Ад горада да горада кошты істотна адрозніваюцца! У Віцебску Вечны агонь гарыць за 13 тысяч, а ў Гомелі за 30 тысяч. А ў Барысаве — падрыхтуйцеся! — за ўсе 60 тысяч рублёў.

Чаму так дорага? Таму што тэндары бываюць розныя.

Скрыншоты з сайта www.icetrade.by.

У Барысаве дзяржзакупка датычыцца не проста газу, а «цякучага ўтрымання» Вечнага агню. Заказчыкам выступае барысаўскае гарадское ўнітарнае прадпрыемства «Жыллё». 

«Мы наводзім парадак на тэрыторыі помніка ахвярам фашызму «Вечны агонь». Высаджваем кветкі, даглядаем пастамент, мыем мармур, прыбіраем, вымятаем, вычышчаем — вось гэта мы. А што да газу, які там гарыць, — мы да яго ніякага дачынення не маем», — тлумачыць намеснік дырэктара прадпрыемства па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Клімянкоў.

60 тысяч рублёў за парадак ля Вечнага агню? Што ж, такія рэчы грашыма не вымяраюцца.

«У іх, можа, ярчэй свеціць… Ці гарэлка большая…»

У Хатыні на газ для Вечнага агню трацяць усяго 7260 рублёў — у чатыры разы танней, чым у Гомелі. Калі я кажу пра гэта бухгалтарцы з вогненай вёскі, яна задумваецца, а пасля адказвае: «У іх, можа, ярчэй свеціць… Ці гарэлка большая…»

У Хатыні кажуць, што газ для Вечнага агню аплачваюць з пазабюджэтнай сметы — то бок, з грошай, якія мемарыял зарабляе на квітках ды сувенірах. Год ад года сума крыху змяняецца — гэта залежыць ад таго, як працуе гарэлка. Новая, пакуль адрэгулююць, можа «есці» крыху больш газу, чым звычайна.

Вечны агонь гарыць у Хатыні круглы год — дзякаваць Богу, пагасіць яго тут нікому ў галаву не прыходзіць.

«На Вечны агонь ідзе блізу 1 тысячы кубаметраў за месяц»

У Брэсцкай крэпасці выдаткі на газ самыя істотныя: блізу $40 тысяч. Крэпасць закупляе 131736 кубаметраў газу, гэта вельмі шмат. Але гэта тлумачыцца вельмі проста: большая частка паліва ідзе на ацяпленне. 

«У нас тры газавыя кацельні. І Вечны агонь, — распавядае Еўрарадыё намеснік дырэктара Брэсцкай крэпасці па эксплуатацыі Аляксандр Якубоўскі. — На Вечны агонь ідзе блізу 1 тысячы кубаметраў за месяц».

Вечны агонь у Хатыні. Фота: andryuschenkoav.ru

Гэта 12 тысяч «кубоў» за год. Такі аб’ём газу для юрыдычных асобаў каштуе блізу 5,7 тысячы рублёў, ці $3 тысячы. Калі ж Вечны агонь каштуе нашмат больш — відаць, нейкім няпростым газам яго запраўляюць.

«Летась нам «Газпрам» вылучыў грошы на Вечны агонь. Калі мяне памяць не падманвае, пералічылі $10 тысяч», — працягвае Аляксандр Якубоўскі.

Сёлета, па яго словах, дамова яшчэ не падпісаная. Але так здаралася і раней — дапамога вылучаецца цягам года. А мэнаджары «Газпрама» — людзі занятыя. У Брэсцкай крэпасці гэта разумеюць, таму не вельмі турбуюцца. І спадзяюцца, што і сёлета на іх знойдзецца час і ўвага.

Вечны агонь у Брэсцкай крэпасці. Фота: Tochka-na-Karte.ru