Як паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве культуры Беларусі, на біенале дэбютаваў куратарскі праект вядомага беларускага мастака Рамана Заслонава. Суаўтарамі выступілі прадзюсар Віктар Лабковіч і рэжысёр Сяргей Талыбаў.

Арт-праект “Стол” – гэта 32-мінутнае відэа з больш як 20 міні-сцэн, якія бесперапынна змяняюць адна адну на фоне галоўнага і нязменнага аб’екта – роўнай паверхні стала. Такім чынам, стол становіцца не проста “сцэнай”, на якой разгортваюцца драматычныя, камічныя і філасофскія сюжэты, але і галоўным сведкам і нават дзеючай асобай кожнага з іх. Гледачу прапануецца не проста назіраць за тым, што адбываецца, а літаральна апынуцца за адным сталом з героямі відэа-арта.

Як адзначылі ў Мінкультуры, тонкая ігра беларускіх акцёраў, мастакоў і нават простых людзей, ніяк не звязаных са светам мастацтва, надаюць праекту “Стол” яркую індывідуальнасць і філасофскае гучанне, дапоўненае шырокай гамай сэнсавых адценняў – ад тонкай самаіроніі да трагізму. Як сама канцэпцыя, так і яе рэалізацыя знаходзяцца ў поўнай адпаведнасці з тэмай 57-га Венецыянскага біенале – Viva arte viva. “Пасля завяршэння біенале ўбачыць праект Рамана Заслонава ў залах Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў змогуць і беларускія гледачы“, – запэўнілі ў ведамстве.

Удзелу праекта “Стол” у Венецыянскім біенале папярэднічаў конкурс на стварэнне куратарскай канцэпцыі павільёна, на які было пададзена 18 заявак. Рашэннем журы для ўдзелу ў форуме была выбрана менавіта канцэпцыя Рамана Заслонава.

2017 год стане чацвёртым вопытам удзелу прадстаўнікоў беларускага сучаснага мастацтва ў Венецыянскім біенале. 

57-е Венецыянскае біенале – адзін з найбольш вядомых сусветных мастацкіх форумаў, прысвечаных сучаснаму мастацтву, прадоўжыцца да 26 лістапада 2017 года.