Пра гэта заявіў журналістам віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін пасля восьмага пасяджэння міжурадавай беларуска-туркменскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве 10 мая ў Мінску, паведамляе прэс-служба ўрада.

“Задача даволі складаная, але мы будзем імкнуцца дасягаць такога ўзроўню гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі”, — дадаў Калінін. Ён нагадаў, перадае БелаПАН, што ў 2016 годзе знешнегандлёвы абарот таварамі паміж Беларуссю і Туркменістанам перавысіў 120 млн долараў, а разам з паслугамі — склаў амаль 300 млн.

“Сёння мы абмяркоўвалі тэму новых пунктаў росту. Гаворка ішла аб пастаўках у Туркменістан прадукцыі “Штадлер” — электрычных дызель-цягнікоў, казалі аб нарошчванні паставак медыцынскага абсталявання, лекаў, а таксама прадукцыі нашых прамысловых брэндаў — МАЗ і МТЗ”, — расказаў віцэ- прэм’ер. Паводле яго слоў, у 2017 годзе на туркменскі рынак плануецца паставіць 550 адзінак тэхнікі гэтых прадпрыемстваў.

Абмяркоўвалася таксама пытанне аб магчымасці тавараабменных аперацый. “Пакуль у нас не ўсе пытанні вырашаны з канвертаваннем валют, таму мы шукаем магчымасці замяшчэння”, — растлумачыў Калінін. У прыватнасці, разглядаецца магчымасць паставак такім чынам у Беларусь туркменскай бавоўны.

Віцэ-прэм’ер паведаміў, што Туркменістан, які мае вялікія залежы калійных угнаенняў, абвясціў конкурс на будаўніцтва камбіната і беларускі бок разглядае магчымасць удзелу ў гэтым праекце. “Можа, не ў поўным аб’ёме, а толькі на стадыі праектавання — час пакажа. Нашы спецыялісты вывучаць праект, падрыхтуюць прапановы і ўнясуць ва ўрад адпаведнае рашэнне, якое мы абазначым перад туркменскім бокам”, — сказаў Калінін.

На пасяджэнні дасягнута дамоўленасць аб развіцці супрацоўніцтва ў галіне аўтамабільных і чыгуначных зносін. “Ёсць прапанова з іх боку прыняць удзел у будаўніцтве аўтамабільнай дарогі ў Туркменістане”, — паведаміў віцэ-прэм’ер, дадаўшы пры гэтым, што сёння туркменская дэлегацыя мае намер наведаць другую кальцавую аўтадарогу вакол Мінска.

Паводле слоў Калініна, беларускі бок зацікаўлены ў нарошчванні паставак у Туркменістан чыгуначных вагонаў (у мінулым годзе іх было экспартавана ў гэтую краіну 380 адзінак). Гэта пытанне таксама абмяркоўвалася на пасяджэнні міжурадкамісіі. “Сярод іншых сумесных праектаў у сферы прамысловай вытворчасці — пастаўка ліфтаў. Вялікая праграма па замене ліфтавай гаспадаркі ў гэтым годзе намечана ў Туркменістане, і мы павінны паставіць туды больш за 700 ліфтаў”, — паведаміў віцэ-прэм’ер.

Туркменская дэлегацыя, паводле яго слоў, зацікавілася праектамі Парку высокіх тэхналогій. “Заўтра яны яго наведваюць. Думаю, мы зможам знайсці новыя цікавыя сумесныя праекты і ў сферы інфармацыйных тэхналогій”, — сказаў Калінін.

Бакі таксама дамовіліся, што ў канцы лета Беларусь правядзе ў Туркменістане прэзентацыю сваіх турыстычных маршрутаў.

Віцэ-прэм’ер падкрэсліў: адносіны Беларусі і Туркменістана развіваюцца дынамічна, за час супрацоўніцтва падпісана каля 90 пагадненняў у розных сферах.

Візіт туркменскай дэлегацыі ў Мінск праходзіць з 10 па 12 мая. Члены дэлегацыі не толькі прымуць удзел у пасяджэнні міжурадавай камісіі, але і наведаюць такія прадпрыемствы, як “Штадлер Мінск”, “Мінсктранс”, “Нацыянальны цэнтр электронных паслуг”, ГА “Беларуская чыгунка”.

 
Фота: БЕЛТА