Лідар першынства барысаўскі БАТЭ на сваім полі абыграў футбалістаў “Іслачы” з лікам 2:0. Ужо на 1-й мінуце гаспадары выйшлі наперад, пасля таго як абаронца гасцей Мікіта Рочаў адправіў мяч у свае вароты. На 67-й мінуце сустрэчы другі гол забіў форвард барысаўчан Міхаіл Гардзяйчук. БАТЭ застаецца адзінай камандай, якая не пацярпела ніводнага паражэння ў сёлетнім чэмпіянаце.

Яшчэ адзін з фаварытаў турніру – мінскае “Дынама” перайграла ў сталічным дэрбі футбалістаў “Мінска” 2:0. Абодва мячы дынамаўцы забілі ў другой палавіне матчу – на 69-й мінуце вызначыўся Уладзімір Хвашчынскі, а праз 8 мінут канчатковы рэзультат устанавіў Антон Сарока.

У Брэсце мясцовае “Дынама” разышлося мірам з гасцямі са “Слуцка” – 0:0. Футбалісты “Віцебска” адолелі ў гасцях “Гомель” 1:0 дзякуючы голу Віталя Квашука, які вызначыўся на 23-й мінуце гульні.

У чацвер, 11 мая, адбудуцца яшчэ 4 паядынкі: “Гарадзея” – “Днепр” (Магілёў), “Шахцёр” (Салігорск) – “Славія” (Мазыр), “Тарпеда-БелАЗ” (Жодзіна) – “Крумкачы” (Мінск), “Нёман” (Гродна) – “Нафтан” (Наваполацк).

Фота з сайта ФК “Іслач”