Як паведамілі «Нашай Ніве» ва ўпраўленні Следчага Камітэта па Магілёўскай вобласці, у дачыненні жыхара Асіповіч 1967 года нараджэння заведзеная крымінальная справа па артыкуле 340 — «Заведама хлуслівае паведамленне аб небяспецы».

Той грамадзянін 1967 года нараджэння — гэта, па версіі следства, ужо былы намеснік старшыні Асіповіцкага райвыканкама Аляксандр Шаўлюга, які напрыканцы красавіка пазваніў у міліцыю са словамі, што будынак мясцовага КДБ і РУУС замініраваны. 

Асіповіцкі віцэ-мэр па ідэалогіі нападпітку «замініраваў» будынак міліцыі і КДБ

Аляксандр Шаўлюга злева.

Вядома, што ніякіх бомбаў у будынках не знайшлося, але работа ведамстваў была часова паралізавана. 

Навошта ён гэта зрабіў?

«Мы мяркуем, што ён быў у стане алкагольнага ап’янення. Але гэта не канчаткова — вядзецца расследаванне», — кажуць у прэс-службе Следчага Камітэта. 

Адразу пасля здарэння Шаўлюгу звольнілі з работы — цяпер ён знаходзіцца дома. 

Пры спробе журналіста пагаварыць з ім экс-чыноўнік кінуў трубку, толькі пачуўшы, адкуль тэлефануюць. 

У Асіповіцкім райвыканкаме, дарэчы, Шаўлюга курыраваў ідэалагічную работу, працу з моладдзю і СМІ. 

Цяпер яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.