«Ля нашых межаў назапашваюцца ваенныя арсеналы. Літаральна па суседстве, у былых савецкіх рэспубліках, размяшчаюцца ваенныя базы, праводзяцца баявыя вучэнні і манеўры. З дапамогай нашай унутранай «пятай калоны» робяцца спробы дэстабілізаваць становішча ўнутры краіны», — сказаў афіцыйны лідар.

Таму, на яго думку, асаблівую значнасць набываюць пільнасць і арганізацыя бяспекі дзяржавы. «Як зрэнку вока неабходна берагчы мір і згоду ў нашым родным доме. Мы павінны быць такімі ж адзінымі і цвёрдымі, як нашы бацькі, дзяды, прадзеды ў час суровых выпрабаванняў. Тады ніхто не адважыцца праверыць нас на трываласць», — лічыць беларускі кіраўнік.

«З нашай зямлі ніколі не зыходзіла і не будзе зыходзіць агрэсія, — падкрэсліў ён. — Мы даказалі ўсім, што Беларусь — мірная і добразычлівая краіна. Але гэта не значыць, што яна не можа за сябе пастаяць. Так, чужога нам не трэба, але і свайго мы не аддадзім. Так навучылі нас нашы гераічныя продкі».

«Злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў з памяці людзей не выкрасліць. Гэта павінны ведаць у тым ліку і тыя, хто сёння робіць спробы перапісаць гісторыю, адабраць у нашага народа вялікую перамогу. Дапусціць гэтага мы не можам», — заявіў Лукашэнка.