Такое рашэнне прынята з-за росту колькасці спроб увезці на тэрыторыю Расіі прадукцыю, якая не адпавядае патрабаванням нагляднага ведамства, паведамляе ТАСС.

«Упраўленне Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласцях з-за вялікага наплыву некандыцыйных партый ялавічыны, якія паступаюць з тэрыторыі Беларусі, пачало прымяняць метад дэнатурацыі незаконна ўвезенага мяса растворам брыльянтавай зелені (зялёнкі)», — заявілі ва ўпраўленні, паведамляе БелаПАН.

У Рассельгаснаглядзе ўдакладнілі, што такі метад апрацоўкі мяса законны, прадугледжаны расійскімі ветэрынарна-санітарнымі правіламі, але раней прымяняўся рэдка.

У Бранскай і Смаленскай абласцях, якія мяжуюць з Беларуссю, штотыдзень утылізуецца да 3,5 тоны увезенай з парушэннямі ялавічыны.

У першым квартале міжрэгіянальным упраўленнем Рассельгаснагляду толькі ў Бранскай вобласці было праверана каля 6 тыс. тон мясной прадукцыі з Беларусі і больш за 260 тон было забаронена да ўвозу з-за розных парушэнняў.

Так, напярэдадні пры дапамозе зялёнкі было афарбавана амаль 5 тон ялавічыны, увезенай з Беларусі без ветэрынарных суправаджальных дакументаў і ў непрыстасаваных аўтамабілях з парушэннем тэмпературнага рэжыму.

Часткова афарбаванае мяса не ўдасца збыць з-за страты таварнага выгляду, а ўвезці паўторна або перапрацаваць — з-за стойкасці фарбавальніка.

 
Фото: google.by