У ходзе сустрэчы намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка выказаў “рашучы пратэст беларускага боку ў сувязі з праведзеным у форме, што прыніжае чалавечую годнасць”, даглядам беларускіх спартсменаў, якія ўдзельнічаюць у чэмпіянаце свету па хакеі з шайбай, прадстаўнікамі праваахоўных органаў Францыі 3 мая на чыгуначным вакзале Парыж-Манпарнас.

Беларусь патрабуе правесці расследаванне гэтага інцыдэнту, даць тлумачэнні, выказаць прабачэнні, а таксама прыняць усе неабходныя меры для недапушчэння такіх інцыдэнтаў у будучыні, гаворыцца ў паведамленні, перадае БелаПАН.

Міністэрства замежных спраў Беларусі запытала тлумачэнні ў французскага боку ў сувязі з вобыскам хакейнай зборнай у Парыжы.

Пра вобыск каманды паведаміў 3 мая спартыўны партал by.tribuna.com. Зборная прыбыла ў Парыж з Бардо, дзе 30 красавіка і 1 мая праводзіла спарынгі з французамі, якія разам з немцамі з’яўляюцца гаспадарамі 81-га чэмпіянату свету па хакеі, які стартуе 5 мая. На выхадзе з цягніка быў дагледжаны багаж трох трэнераў (Дэйва Льюіса, Крэйга Вудкрафта і Алега Антоненкі), двух гульцоў (Ягора Шаранговіча і Андрэя Касціцына), а таксама ўрача. Нічога забароненага знойдзена не было.

 
Фота з адкрытых крыніц