Паводле інфармацыі прэс-службы кіраўніка дзяржавы, мерапрыемства адбудзецца ў Палацы Незалежнасці і стане ключавой падзеяй у прэс-туры кітайскіх журналістаў. Усяго ў сустрэчы з Лукашэнкам возьмуць удзел каля 40 журналістаў з найбуйнейшых СМІ Кітая, у тым ліку інфармацыйнага агенцтва Сіньхуа, газет «Жэньмінь Жыбаа» і «Чайна Дэйлі», Цэнтральнага тэлебачання Кітая, а таксама шэрагу іншых друкаваных, электронных і тэлевізійных рэсурсаў, перадае БелаПАН.

«Гэта аўтарытэтная каманда. З беларускага боку дэлегацыю ўзначальвае пасол Беларусі ў КНР Кірыл Руды, ён унёс значны ўклад у фарміраванне [спіса] журналістаў, якія наведаюць Беларусь», — паведаміў намеснік міністра інфармацыі Беларусі Алесь Карлюкевіч 29 красавіка журналістам у Мінску.

«Іх асноўная задача — адкрыць для сябе нашу краіну і расказаць пра яе сваім чытачам. Але разам з тым у іх праграме вельмі важнае месца займаюць актыўныя кантакты з вядучымі сродкамі масавай інфармацыі нашай краіны», — дадаў Карлюкевіч.

Першы маштабны прэс-тур у Беларусь кітайскіх журналістаў, якія прадстаўляюць дзесяць правінцый, праходзіць 1—7 мая. Яго ўдзельнікі ўжо наведалі мемарыяльны комплекс «Курган Славы», завод «БелДжы» і БелАЗ, індустрыяльны парк «Вялікі камень», Парк высокіх тэхналогій, прадпрыемствы «Азярыцкі-Агра» і «Бабулін гладыш» і іншыя вядомыя вытворчасці Беларусі.

Як паведамлялася раней, у маі Лукашэнка плануе зрабіць візіт у Кітай.

 
Фото: google.by