Сказаў Аляксандр Лукашэнка 4 мая на сустрэчы з прадстаўнікамі кітайскіх цэнтральных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі — удзельнікамі прэс-тура ў Беларусь.

«Парк павінен стаць адной з вузлавых пляцовак эканамічнага пояса Шаўковага шляху», — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Паводле яго слоў, паведамляе БелаПАН, «Вялікі камень» з’яўляецца прыкладам таго, як Кітай перакройвае эканамічную карту свету.

«Ён прыходзіць, у прыватнасці, у Беларусь, мы з ім ствараем тут вялікую індустрыяльную пляцоўку, і следам сюды прыходзяць самыя перадавыя кампаніі планеты, перш за ўсё Кітайскай Народнай Рэспублікі, — адзначыў беларускі лідар. — Калі пралічваліся вынікі «Вялікага каменя», мы лічылі , што Беларусь толькі ад экспарту прадукцыі з гэтага парку атрымае прыток валюты каля 50 млрд долараў».

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Кітай пры рэалізацыі гэтай ініцыятывы не мае намеру навязваць свае інтарэсы або займацца гандлёвай экспансіяй дзяржаў. «Кітай ідзе — і ў гэтым асаблівасць, ніколі ў свеце такога не было — як дружалюбная краіна, прапаноўваючы крэдыты, інвестыцыі, самыя перадавыя тэхналогіі ў тых краінах, праз якія пройдзе Шаўковы шлях», — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама расказаў, што падчас яго візіту ў Кітай для ўдзелу ў саміце «Адзін пояс і адзін шлях» у яго запланавана сустрэча са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. «Мы абмяркуем не толькі актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня, але і ў першую чаргу тэмы, якія важныя для прасоўвання нашага двухбаковага ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, фінансавай і гуманітарнай сферах», — паведаміў Лукашэнка.

Ён дадаў, што арганізаваць такі маштабны саміт няпроста, бо ў ім возьмуць удзел лідары многіх краін. «На форуме будуць разглядацца глабальныя пытанні, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Па сутнасці, сама ініцыятыва «Адзін пояс і адзін шлях» з’яўляецца гістарычнай і перакройвае эканамічную карту свету, ствараючы новыя пункты росту сусветнай эканомікі».

Гаворачы пра сустрэчу са старшынёй КНР, Лукашэнка адзначыў: «Калі праводзіш такія мерапрыемствы, заўсёды цяжка, і занятасць вельмі высокая. Але з тых прадстаўнікоў кіраўнікоў дзяржаў, якія прыбудуць у Кітай, ён будзе сустракацца з прэзідэнтам Беларусі. Гэта сведчыць пра нашы адносіны з вашым старшынёй і адносіны паміж Беларуссю і Кітайскай Народнай Рэспублікай».

Паводле яго слоў, узаемадзеянне паміж Беларуссю і Кітаем павінна быць яшчэ «больш маштабным і дынамічным». «Менавіта таму гэты год мы ацэньваем як пераломны ў двухбаковых адносінах», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

 
Фота: БЕЛТА