Ужо ў пятніцу беларусаў чакае першы матч чэмпіянату свету з фінамі. Як інфармуе “Прессбол”, дагляд нашай зборнай наладзілі па выхадзе з цягніка, папярэдне затрымаўшы ў вагоне. Сведкі кажуць, перадае Еўрарадыё, што асабістыя рэчы хакеістаў, трэнераў, урача былі вельмі старанна перагледжаны. Пры гэтым ніякіх тлумачэнняў французскія праваахоўнікі не давалі. Каля 20 хвілін зборная была ў ачапленні паліцыі і, магчыма, вайскоўцаў. Скончылася ўсё тым, што беларусам сказалі: “Добра, у вас усё ў парадку”.

Старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Ігар Рачкоўскі абураны гэтым здарэннем. Ён не выключае, што яно звязана з леташнім ператрусам у размяшчэнні зборнай Беларусі па веславанні, якая была на трэніровачным зборы ў Францыі. У выніку нашу каманду адхілілі ад Алімпіяды ў Рыа, нібыта, з-за знойдзеных забароненых прэпаратаў.  Пазней беларусы выйгралі суд і былі апраўданы.

МЗС Беларусі чакае тлумачэнняў ад французскага боку.

 

Здымак з архіву. Фота: БЕЛТА
 
Здымак з архіву. Фота: АР