Два гады Юніс размаўляў па-беларуску з усімі, акрамя бацькі. Хлопец ігнараваў касыя позіркі, дурацкія пытанні, рэплікі кшталту «ну вось, апазіцыянер знайшоўся…» і спыніўся толькі тады, калі зразумеў, што мову ведае добра.Юніс пражыў у Віцебску дзесяць гадоў, а пасля сям’я пераехала ў Мінск, і хлопец пайшоў у сталічную гімназію №12. Усё яго асяроддзе было рускамоўным, але для Юніса гэта не мела аніякага значэння, піша “НН“. Яму было важна даказаць самому сабе, што ён здольны вывучыць мову.

«Па-першае, мне было цікава, як гэта будзе выглядаць. Па-другое, я хацеў вывучыць другую мову. Па-трэцяе — даведацца, чым наша краіна адметная, — распавядае Юніс. — Што мяне ўразіла, калі я пачаў размаўляць па-беларуску, — гэта як у Беларусі ставяцца да беларускай мовы. Кожны на мяне абарочваўся, спрабаваў выпытаць, чаму я размаўляю па-беларуску, бо мая знешнасць крыху не беларуская. Калі людзі даведваліся, як мяне завуць, яшчэ больш здзіўляліся».

Хутка Юніс стаў славутасцю ў школе: экзатычная знешнасць у спалучэнні з беларускамоўнасцю не маглі не прыцягнуць увагу. Аднак аднадумцаў у гэтай справе ў маладога чалавека не знайшлося: толькі адзін з сяброў Юніса два тыдні размаўляў з ім па-беларуску.

«Але для мяне гэта не было так важна. Я проста хацеў даказаць сабе, што магу гэта зрабіць, — зазначае хлопец. — Стаў цікавіцца гісторыяй, знайшоў прычыны, чаму ў Беларусі цяпер такая залежная сітуацыя. Цікавіўся Крэўскай уніяй, пад’ёмам Рэчы Паспалітай, яе падзеламі, бо я лічу, што гэта была моцная дзяржава. Вельмі цікава было даведацца, што дзяржаўныя дакументы друкаваліся на старабеларускай мове».

«Вельмі цікава было назіраць за людзьмі, што глядзелі на мяне, індуса, які размаўляе па-беларуску»

Юніс кажа, што для таго, каб авалодаць беларускай мовай, дастаткова пачаць чытаць беларускія кнігі. Улюбёная Юніса — «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча.

Бацькі хлопца ўспрынялі жаданне сына размаўляць па-беларуску ў штыкі, палічыўшы такія памкненні за рэвалюцыянерства.

«Хаця на самой справе я не вылучаў сваёй беларускай мовай нейкія палітычныя погляды. Я проста хацеў размаўляць на мове. Я не лічу, што беларускую мову трэба звязваць з палітыкай. Мне вельмі падабаецца мова сама па сабе, таму мне і было цікава вывучыць яе», — тлумачыць Юніс.

Для яго звязванне беларускамоўнасці з апазіцыяй было не тое што крыўдным, а хутчэй дзіўным.

«Вельмі цікава было назіраць за людзьмі, што глядзелі на мяне, Юніса Міра, які размаўляе па-беларуску. Можна сказаць, гэта быў такі эксперымент. І я лічу — паспяховы, бо ў мяне цяпер ёсць веданне беларускай мовы, якое дапамагае ў вывучэнні польскай», — дадае малады чалавек.

Пасля заканчэння школы Юніс з’ехаў у Польшчу і цяпер заканчвае першы курс універсітэта Лазарскага, вывучае міжнародныя адносіны.

У Індыі малады чалавек бывае амаль што кожны год, прыязджае наведаць сваякоў. Размаўляе з імі па-англійску, а цяпер пачаў вучыць і хіндзі.

«Індыя — вельмі кантрастная краіна, і мне ў ёй не падабаецца нічога, акрамя прыроды. У Кашміры, дзе нарадзіўся тата, надзвычай прыгожыя горы, — кажа Юніс. — І ў Беларусі мне таксама падабаецца прырода: вельмі прыгожыя азёры, багатыя лясы. Больш, напэўна, таксама нічога не падабаецца, таму я цяпер і не жыву ў Беларусі. Я не бачу тут такіх перспектыў, якія магу знайсці, напрыклад, у Еўропе. Таму я пераехаў у Польшчу, бо яна не вельмі далёка ад Беларусі, і бацькі не будуць за мяне хвалявацца. Хаця насамрэч, Варшава не вельмі адрозніваецца ад Мінску. Такая ж шэрая, не асабліва прыгожая. У Польшчы мне падабаюцца толькі цэны».

Фота з сайта “НН”