Бяспека грамадзян падчас масавых святочных набажэнстваў важная для касцёла гэтак жа, як і для дзяржавы, адзначыў ён у сваім дакладзе, поўны тэкст якога апублікаваны на афіцыйным партале Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

“Аднак сітуацыя, якая ўзнікла сёлета падчас святкавання Вялікадня ў Мінску, зусім не спрыяла настрою галоўнага хрысціянскага свята, — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч. — Першае, што ўбачыла святочная велікодная працэсія, выходзячы з кафедральнага касцёла, — спецаўтамабіль ля яго ўваходу, так званы аўтазак. Відавочная прысутнасць гэтых спецаўтамабіляў на далейшым шляху працэсіі стварала настрой напружанасці, недаверу да народа, які мірна ўслаўляў ўваскрослага Хрыста”.

Паводле яго слоў, паведамляе БелаПАН, дзяржава і касцёл “павінны навучыцца сумесна прафесійна выпрацоўваць такі план дзеянняў падчас арганізацыі вялікіх касцельных мерапрыемстваў, які будзе спрыяць рэлігійнаму святкаванню, а не ўскладняць ці нават перашкаджаць у яго правядзенні”.

Найперш, адзначыў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, гэта тычыцца штогадовых урачыстасцяў у гонар абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці), працэсіі Божага Цела ў Мінску і іншых рэлігійных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў епархіях касцёла ў Беларусі.

 
Фота з адкрытых крыніц