У віншаванні БАЖ выказаная падзяка “кожнаму з калегаў, якія захоўваюць вернасць прынцыпам прафесійнай і сумленнай журналістыкі”.

Сёлета беларускія журналісты больш за 130 разоў траплялі пад пераслед з боку ўладаў, адзначае БАЖ. “Але мы спадзяемся, што ніякі пераслед не прымусіць нас адмовіцца ад самага галоўнага — прафесійнай журналісцкай працы”, — гаворыцца ў віншаванні.

Варта адзначыць, паведамляе БелаПАН, што ў нядаўна апублікаваным рэйтынгу свабоды прэсы, які штогод рыхтуе міжнародная арганізацыя “Рэпарцёры без межаў”, Беларусь заняла 153-е месца са 180.

У дакладзе “Рэпарцёраў без межаў” сказана: у спробе аслабіць уплыў Расіі на Беларусь і выйсці з эканамічнага крызісу “рэжым прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі спрабуе падладжвацца пад міжнародную супольнасць і сцерці свой імідж апошняй дыктатуры Еўропы”. “Але акрамя вызвалення галоўных палітычных зняволеных у краіне нічога не змянілася, — падкрэсліваюць “Рэпарцёры без межаў”. — Журналісты-фрылансеры, якія працуюць у незалежных СМІ, што базуюцца за мяжой, не могуць атрымаць акрэдытацыю і зведваюць пераслед з боку судовых органаў. Асцерагаючыся дэстабілізацыі сітуацыі, звязанай з украінскім крызісам, улады заключылі ў турму як прарасійскіх, так і антырасійскіх блогераў (гаворка пра супрацоўнікаў расійскага інфармагенцтва Regnum Сяргея Шыпценку, Дзмітрыя Алімкіна і Юрыя Паўлаўца і заснавальніка сайта 1863x.com Эдуарда Пальчыса. — БелаПАН.)”.

“Рэпарцёры без межаў” таксама заўважаюць, што ў 2016 годзе “нешматлікія журналісты былі арыштаваныя або зведвалі гвалт”, але “зацішша скончылася ў сакавіку 2017 года, калі беспрэцэдэнтная хваля пратэстаў прывяла да значных рэпрэсій”.

 
Фота з адкрытых крыніц