Суддзя Вікторыя Шабуня пакарала каардынатара стрыт-арт-праекту «Signal» 5 суткамі адміністратыўнага арышту за «дробнае хуліганства»: нібыта 27 красавіка на выхадзе з піцэрыі ён «лаяўся матам і махаў рукамі».

4 красавіка Ларычава моцна збілі невядомыя ў пад’ездзе яго дому. Напад Ларычаў звязаў з яго апошняй актыўнасцю ў асвятленні акцыі з графіці чыноўнікаў, перадае belsat.eu.

1 красавіка Ларычаў праз сваю суполку абвясціў збор сродкаў для мастакоў-валанцёраў, які займаюцца гэтым праектам. Ён падаў заяву ў міліцыю, але яго затрымалі і пакаралі штрафам у 1150 рублёў за дамалёўку дроту на мурале «сяброўства» Беларусі і Расіі пад назвай «Масква-Мінск».

Дзякуючы Алегу Ларычаву і мастакам з праекту «Signal project» у Мінску ды іншых беларускіх гарадах з’явіўся шэраг буйных графіці. Алег Ларычаў — арганізатар фестывалю «Urban Myths». Падчас мерапрыемства мастакі з усяго свету размалёўвалі жылыя дамы гіганцкімі малюнкамі – «мураламі». Мінгарвыканкам размясціў фота Алега Ларычава на адным са сваіх білбордаў.

У апошнія месяцы ў Мінску з’явіўся шэраг вострасацыяльных графіці: аплікацыі з партрэтамі экс-кіраўніцы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марыяны Шчоткінай і надпісам: «Гэта я аўтар падатку для беспрацоўных», міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча, камандзіра сталічнага АМАПу Дзмітрыя Балабы ды інш. Аўтарства графіці прыпісваюць стрыт-арт суполцы «Signal».

Фота з Facebook