Мерапрыемства было дазволена Мінгарвыканкам, у аргкамітэце па правядзенні мерапрыемства былі прадстаўнікі партыяў АГП, БНФ і «Зялёныя», аргкамітэта па стварэнні БХД, руха «За свабоду» і незарэгістраванага руха “Разам”, кампаніі «Гавары праўду»…
18.00
Не вельмі шмат людзей сабралася. На акцыі бачна некалькі бел-чырвона-белых сцягоў, ёсць сцяг Еўрасаюза.
18.05
Вакол месца збору людзей заўважана спецтэхніка сілавікоў, аднак нагадваем, што мерапрыемства дазволенае.
18.10
Адначасова пачынаецца мітынг у Кіеўскім скверы сталіцы, які ладзіць КХП-БНФ. Там пакуль сабралася ўсяго некалькі дзесяткаў чалавек. На мерапрыемства прыйшлі Юрась Беленькі, Лявон Баршчэўскі, Алесь Чахольскі…
18.15
“Зялёныя” правялі незвычайны перформанс – прыйшлі да кінатэатра “Кастрычнік” у форме жывёл. Яны патрабуюць спыніць будаўніцтва Астравецкай АЭС.
18.20
Людзі, якія сабраліся ля Акадэміі навук, пачалі фарміраваць калону. Па некаторых падліках, сабралася 200-300 чалавек.
18.23
Наперадзе калоны – традыцыйны “Чарнобыльскі звон” і апазіцыйныя лідары. Вельмі шмат бел-чырвона-белых сцягаў і розных транспарантаў, людзі ўжо пайшлі уздоўж праспекта.
18.30
Крыху больш стала людзей – па розных ацэнках на мерапрыемства прыйшло каля 500 чалавек.
18.32
Супрацоўнікі ДАІ сочаць, каб удзельнікі акцыі не выходзілі на праезжую частку.
18.35
Тым часам, у Кіеўскім скверы працягваецца мітынг, зараз выступае першы прамоўца – Юрась Беленькі. Ён узгадвае пра Чарнобыль, зачытвае зварот лідара КХП-БНФ Зянона Пазьняка да беларусаў.
18.40
Невялікі інцыдэнт адбыўся ў Кіеўскім скверы. Нейкі малады чалавек паспрабаваў далучыцца да мітынгоўцаў, але дружыннікі вырашылі, што, магчыма, гэта правакатар, а таму папрасілі яго пакінуць месца правядзення мерапрыемства. Хлопец так і зрабіў.
18.43
Людзі, якія ідуць у калоне, скандзіруюць “Незалежнасць!” і “Жыве Беларусь!”
18.48
Калону дэманстрантаў, якія ідуць па вуліцы Сурганава, суправаджаюць аўтазакі з сілавікамі.
18.55
Дождж, магчыма, таксама паўплываў на тое, што акцыя не вельмі шматлюдная.
19.05
“Зялёныя” нясуць шмат плакатаў, адзін з іх – “Атом мирным не бывает, это даже зебра знает”. Тое самае яны і скандзіруюць.
19.10
Калона падыходзіць да Чарнобыльскай капліцы.
19.15
У Парку Дружбы народаў удзельнікі шэсця не будуць заставацца, яны пойдуць у Кіеўскі сквер.
19.25
Калона прыйшла да Чарнобыльскай капліцы, пасля малітвы абвясцілі хвіліну маўчання па ахвярах Чарнобыля. Павел Севярынец падзякаваў усім, хто прыйшоў, каб адзначыць сумную гадавіну і абвясціў, што мерапрыемства закончана. Пры гэтым дадаў, што ўсе жадаючыя могуць пайсці у Кіеўскі сквер, каб далучыцца да яшчэ адной дазволенай гарадскімі ўладамі акцыі.
19.30
У Кіеўскім скверы працягваецца мітынг, выступоўцы распавядаюць пра наступствы Чарнобыльскай катастрофы. Тым часам, да сквера пад’ехалі некалькі аўтазакаў і аўтобусаў з сілавікамі.
19.33
“Чарнобыльскі шлях-2017” закончаны. Хтосьці адправіўся дадому, нехта вырашыў працягнуць вечар на акцыі, якую праводзіць КХП-БНФ.