Пра гэта заявіў журналістам першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Тарас Надольны, які 19 красавіка ўдзельнічае ў канферэнцыі “Лічбавы банкінг” у Мінску.
 
“Усе даўгі, якія былі, мы пагасілі. Рэзервы не знізяцца, таму што Нацыянальны банк сёння працуе над тым, каб выкарыстоўваць іншыя інструменты прыцягнення рэсурсаў, — аблігацыі выпускаем; Міністэрства фінансаў таксама працуе на рынках. Таму рэзервы не знізяцца, усё будзе нармальна”, — сказаў Надольны, паведамляе БелаПАН.

Паводле яго слоў, грошы былі накіраваныя часткова з ЗВР, часткова — з наяўнай ліквіднасці, якая не адносіцца да рэзервовых актываў. “Таму той недахоп, які пайшоў з рэзерваў, мы кампенсуем”, — адзначыў прадстаўнік Нацбанка.

Беларусь пагасіла доўг за газ 13 красавіка ў адпаведнасці з дамоўленасцямі лідараў дзвюх краін Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, дасягнутымі на сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу 3 красавіка. У дзень пагашэння доўгу намеснік прэм`ер-міністра Уладзімір Сямашка падпісаў у Маскве пакет пагадненняў, якія рэгулююць адносіны дзвюх краін у нафтагазавай сферы. Акрамя таго, Мінску былі абяцаныя новы расійскі крэдыт да 1 млрд долараў і чарговы транш крэдыту з фонду ЕўрАзЭС у 600 млн долараў.

На 1 красавіка міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі паводле метадалогіі МВФ складалі 5 млрд 16,1 млн долараў.

 
Фота з адкрытых крыніц

Поделиться ссылкой: