Пра гэта стала вядома 17 красавіка пасля наведвання гарвыканкама заяўнікамі акцыі.

Як паведаміў БелаПАН па выніках сустрэчы адзін з заяўнікаў — намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, гарадскія ўлады дазволілі правядзенне “Чарнобыльскага шляху” ў традыцыйным фармаце: збор удзельнікаў на пляцоўцы каля Акадэміі навук і шэсце да плошчы Бангалор.

Акрамя маршруту гарвыканкам змяніў час пачатку акцыі — замест заяўленых 18.00 на 14.00.

Каментаваць рашэнне ўладаў Лялькоў не стаў. Ён паведаміў, што 18 красавіка адбудзецца пасяджэнне аргкамітэта “Чарнобыльскага шляху”, пасля якога і будзе прынятае рашэнне, згаджацца ці не з прапановамі Мінгарвыканкама.

Заяўка на правядзенне мерапрыемства была пададзеная ў гарвыканкам 3 красавіка. Заяўнікі прасілі 26 красавіка, у гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС, дазволіць збор удзельнікаў акцыі каля тэатра оперы і балета і наступнае шэсце па вуліцы Максіма Багдановіча да чарнобыльскай капліцы, размешчанай у раёне плошчы Бангалор.

Подпісы пад заяўкай акрамя Лялькова паставілі намеснікі старшыняў Беларускай партыі “Зялёныя” Дзмітрый Кучук, руху “За Свабоду” Юрась Меляшкевіч, а таксама прадстаўнікі БХД Аляксандр Кавалькоў і кампаніі “Гавары праўду” Віталь Лакотка.

У аргкамітэт па правядзенні акцыі ўваходзяць прадстаўнікі Партыі БНФ і яе моладзевай структуры “Моладзь БНФ”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі “Зялёныя”, аргкамітэта па стварэнні партыі “БХД”, кампаніі “Гавары праўду”, а таксама рухаў “За Свабоду” і “Разам”.

 
Фота: google.by