Як паведамляе ТАСС, ухваленыя, у прыватнасці, пратаколы:

– аб унясенні зменаў у міжурадавае пагадненне ад 2011 года аб парадку фарміравання цэн (тарыфаў) пры пастаўцы прыроднага газу ў Беларусь і яго транспарціроўцы па газаправодах, размешчаных на беларускай тэрыторыі;

– аб унясенні зменаў у пагадненне аб умовах куплі-продажу акцый і далейшай дзейнасці ААТ “Белтрансгаз”;

– аб унясенні зменаў у пагадненне ад 2007 года аб мерах па ўрэгуляванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў.

Перад пачаткам пасяджэння ўрада прэм’ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў паведаміў, што Расія і Беларусь прыйшлі да рашэнняў, якія задавальняюць абодва бакі па цане на газ і пастаўках нафты. “Сёння мы прыйшлі да рашэнняў, якія задавальняюць абодва бакі. І важна, што яны ў цэлым зразумелыя і празрыстыя“, — дадаў ён.

Мядзведзеў удакладніў, што плануецца зацвердзіць пратакол, які вызначае аб’ёмы паставак расійскай сырой нафты з 2017 па 2024 гады ў памеры 24 млн тон штогод трубаправодным транспартам.

Другі пратакол, паводле яго слоў, усталёўвае парадак вызначэння цаны на газ для Беларусі ў перыяд да 31 снежня 2019 года. Дакумент “прадугледжвае распрацоўку ў тэрмін да 1 студзеня 2018 года прапановы па праграме фарміравання агульнага рынку газу Еўразійскага эканамічнага саюза да 2025 года”, дадаў кіраўнік расійскага ўрада.

Трэці пратакол змяшчае правілы доступу да паслуг суб’ектаў натуральных манаполій у сферы транспарціроўкі газу. “Замест нормаў, што ўжываліся раней, будуць прымяняцца нормы Еўразійскага эканамічнага саюза. Пратакол закране ў тым ліку і пытанні цэнаўтварэння і тарыфнай палітыкі. Гэты пакет дакументаў дазволіць мінімізаваць рызыкі ўзнікнення цэнавых спрэчак або дваякага, рознага тлумачэння правілаў у будучыні. Дадатковыя запэўніванні і гарантыі па спрэчцы, якая завяршылася, мы атрымалі ад урада Беларусі ўчора“, — паведаміў Мядзведзеў.

Чакаем вяртання доўгу “Газпрому”, пасля гэтага пачнем рэалізацыю разгляданых сёння пагадненняў“, — падкрэсліў ён.

Мядзведзеў зазначыў, што складаная сітуацыя ва ўзаемаадносінах дзвюх краін паўстала не па віне Расіі. “У гэтай працяглай не па нашай віне газавай спрэчцы было нямала складаных момантаў — гэта і доўг за ўжо пастаўлены Беларусі газ, і будучая цана на газ, і фарміраванне адзінага рынку ў рамках Еўразійскага саюза. На жаль для нас, у нейкі момант нашы партнёры проста перасталі плаціць у поўным аб’ёме па кантракце, утварылася значная запазычанасць”, — сказаў расійскі прэм’ер.

Сёння ў другой палове дня ў Маскве пройдуць беларуска-расійскія перамовы па нафтагазавых пытаннях. Беларускую дэлегацыю ўзначаліць віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка.

3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу адбыліся перамовы паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным, па выніках якіх было заяўлена, што паміж краінамі не засталося нявырашаных пытанняў, і пытанні ў нафтагазавай сферы будуць урэгуляваныя на працягу 10 дзён.