Пра гэта кіраўнік расійскай дзяржавы заявіў журналістам паводле вынікаў перамоў з Аляксандрам Лукашэнкам 3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу, перадае БелаПАН.

“Шмат казалі аб супрацоўніцтве ў сферы сельскай гаспадаркі. Я прасіў урад Расійскай Федэрацыі, каб на гэтым тыдні нашы спецыялісты выехалі ў Беларусь і папрацавалі там з калегамі на адпаведных прадпрыемствах, у дачыненні да якіх паўсталі нейкія сумненні з пункта гледжання захавання нашых фітасанітарных нормаў”, — заявіў Пуцін падчас брыфінгу.

“Думаю, што ўсё гэта тыя пытанні, якія вырашаюцца падчас практычнай сумеснай працы ў тым духу, які склаўся паміж нашымі краінамі на працягу ўжо многіх гадоў пасля падпісання дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы”, — дадаў ён.

Паводле слоў Пуціна, падчас перамоў дастаткова шмат часу было нададзена пытанням узаемаадносін у сферы фінансаў, у канкрэтных галінах эканомікі, у высокатэхналагічных сферах — “скончылі магчымым пашырэннем нашай сумеснай працы ў космасе”.

Лукашэнка таксама адзначыў, што падчас перамоў шмат часу было нададзена аграрным пытанням. “Мы доўга абмяркоўвалі аграрную праблему, але дамовіліся аб тым, што яна ў нас на парадку дня Вышэйшага дзяржаўнага савета, гэтак жа як і пытанне аб прамысловай палітыцы, і мы найбліжэйшым часам узгоднім тэрміны і прымем рашэнне па гэтых пытаннях і іншых ужо на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Як паведамлялася, раней Рассельгаснагляд усумніўся ў якасці прадукцыі шэрагу беларускіх прадпрыемстваў АПК, былі ўведзеныя абмежаванні на пастаўку прадукцыі ў Расію.

3 лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ ў Мінску Аляксандр Лукашэнка даручыў разгледзець пытанне аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да кіраўніка Рассельгаснагляда Сяргея Данкверта за нанясенне шкоды Беларусі.

У адказ Данкверт рэкамендаваў навесці парадак на беларускіх прадпрыемствах. Акрамя таго, 6 лютага Расія абмежавала пастаўкі ялавічыны і ялавічных субпрадуктаў з Мінскай вобласці.

7 лютага МУС Беларусі паведаміла пра пачатак даследчых праверак у дачыненні да шэрагу службовых асобаў Рассельгаснагляда.

У канцы сакавіка Данкверт ў пісьмовай форме праз Генпракуратуру РФ адказаў на пытанні беларускіх праваахоўнікаў, падрабязна растлумачыўшы прычыны забароны на ўвоз мясной і малочнай прадукцыі з шэрагу прадпрыемстваў Беларусі.

3 красавіка генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк паведаміў журналістам, што МУС Беларусі працягвае даследчую праверку ў дачыненні да кіраўніка Рассельгаснагляда і чыноўнікаў ведамства. Паводле слоў Канюка, сваімі дзеяннямі чыноўнікі Рассельгаснагляда нанеслі шкоду Беларусі. “Шкоду нанёс і асабіста Данкверт”, — сказаў Канюк.

 
Фота: БЕЛТА

Поделиться ссылкой: