Згодна з дакументам “мэтай развіцця фінансавага рынку Беларусі да 2020 года з’яўляецца яго якасная трансфармацыя, павышэнне стабільнасці і эфектыўнасці функцыянавання, накіраваныя на рост эканомікі і дабрабыту насельніцтва”.

Для рэалізацыі стратэгіі плануецца выкананне плана мерапрыемстваў, які ўключае больш за 50 пазіцый. Так, перадае БелаПАН, мяркуецца ўдасканаліць функцыянаванне дзяржустановы “Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб”; павысіць абароненасць банкаў-крэдытораў ад нядобрасумленных дзеянняў даўжнікоў шляхам удасканалення заканадаўства аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве); планамерна скараціць удзел банкаў у дырэктыўным крэдытаванні; развіць сістэму жыллёвых будаўнічых зберажэнняў і інвестыцыйны банкінг.

Акрамя таго, планам мерапрыемстваў прадугледжана развіццё (актывізацыя) інстытута маркет-мейкера; стымуляванне развіцця рынку біржавых аблігацый; стварэнне ўмоў для дзейнасці інвестыцыйных фондаў; стварэнне неабходных умоў для фінансавання венчурных праектаў; лібералізацыя валютнай сістэмы.

Таксама будзе прапрацавана пытанне аб фарміраванні на базе ААТ “Беларуская валютна-фондавая біржа” холдынгу (групы кампаній) у складзе біржы, цэнтральнага дэпазітарыя, іншых кампаній, які будзе выконваць функцыі арганізатара гандлю, цэнтральнага контрагента, клірынгавага цэнтра, разліковага банка, цэнтральнага дэпазітарыя і рэпазітарыя. Мяркуецца пашырэнне выкарыстання гандлёвай пляцоўкі ААТ “БВФБ” пры размяшчэнні дзяржаўных аблігацый, намінаваных у беларускіх рублях і замежнай валюце, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, а таксама выкананне іншых аперацый з каштоўнымі паперамі, бокам па якіх выступае орган дзяржаўнага кіравання, дзяржаўны орган або мясцовы выканаўчы і распарадчы орган.

“Вынікам развіцця фінансавага рынку ў сярэднетэрміновай перспектыве будзе яго якасная трансфармацыя. Плануецца вырашэнне праблемы “дрэнных” даўгоў у банкаўскім сектары, паступовая адмова ад дырэктыўнага крэдытавання, укараненне прадуктаў і практык, заснаваных на рынкавай логіцы, садзейнічанне канкурэнцыі”, — гаворыцца ў дакуменце.

Як лічаць распрацоўшчыкі дакумента, паскоранае развіццё нябанкаўскіх сектараў прывядзе да фарміравання больш збалансаванай структуры фінансавага рынку, знізіць ступень дамінавання банкаўскага сектара і будзе спрыяць стварэнню дадатковых фінансавых інструментаў. Вынікам стане дасягненне стану фінансавага рынку, які характарызуецца стабільнасцю, большай эфектыўнасцю і структурнай збалансаванасцю, а таксама здольнасцю паўнавартасна і без дзяржаўнай падтрымкі задавальняць патрэбнасці кліентаў у фінансавых паслугах.

Чакаецца, што ў выніку рэалізацыі стратэгіі адносіны актываў банкаўскай сістэмы да валавога ўнутранага прадукту на 1 студзеня 2021 года складуць не менш як 62%; адносіны актываў страхавых арганізацый да ВУП — не менш за 3,1%; адносіны актываў лізінгавых арганізацый да ВУП — не менш за 5% ад валавога ўнутранага прадукту.

Выканаўцам мерапрыемстваў, прадугледжаных у плане, даручана штогод да 1 сакавіка года, наступнага за справаздачным, прадстаўляць у Нацыянальны банк інфармацыю аб ходзе выканання названага плана пры неабходнасці з прапановамі аб яго карэкціроўцы.

Нацыянальнаму банку неабходна штогод да 1 красавіка года, наступнага за справаздачным, прадстаўляць у Савет міністраў інфармацыю аб ходзе выканання стратэгіі развіцця фінансавага рынку Беларусі да 2020 года.

 
© Sputnik

Поделиться ссылкой: