Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі 29 сакавіка ў Мінску начальнік упраўлення па геалогіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Мамчык.

Паводле слоў чыноўніка, пераде БелаПАН, радовішча было адкрытае недалёка ад вёскі Новы Двор у Пінскім раёне. Паклады былі выяўленыя падчас даследаванняў на глыбіні 50—70 метраў. Навукоўцы мяркуюць, што базальтавы пласт займае плошчу больш за 60 гектараў. Паводле папярэдняй ацэнкі, запасы базальту на гэтым радовішчы перавышаюць 30 млн тон.

Мамчык паведаміў, што аналіз характарыстык пароды пацвердзіў яе прыдатнасць для вытворчасці розных будаўнічых і аздобных матэрыялаў, у тым ліку цеплаізаляцыйных пліт, шкла павышанай трываласці і шклопадобных пакрыццяў, мінеральных валокнаў.

Дырэктар Інстытута геалогіі Навукова-практычнага цэнтра па геалогіі Мінпрыроды Вольга Бярозка дадала, што паклады базальту ў гэтым радовішчы суправаджаюцца мноствам карысных мінеральных злучэнняў, у тым ліку жвірова-пяшчанымі сумесямі і будаўнічымі пяскамі, пародамі з утрыманнем сілікатнага мінералу — глаўканіту.

Базальт з’яўляецца пародай вулканічнага паходжання. З-за сваіх фізіка-хімічных уласцівасцяў шырока выкарыстоўваецца ў будаўнічай сферы. У прыватнасці, будматэрыялы з базальту ўстойлівыя да механічных уздзеянняў, уплыву шчолачаў і кіслот, валодаюць высокім каэфіцыентам трываласці, вогнетрываласці, газанепранікальнасці, цеплаізаляцыі і шумапаглынання.

На аснове базальту вырабляюць мінеральную вату, напаўняльнікі для бетону і каменнага ліцця, з яго вырабляюць дарожныя і абліцавальныя камяні, друз, кіслататрывалыя парашкі.

 
Фото: yandex.by

Поделиться ссылкой: