25 і 26 сакавіка былі выкарыстаны жорсткія гвалтоўныя захады супраць дзясяткаў праваабаронцаў, як мясцовых, так і міжнародных, пасля таго, як сотні мірных дэманстрантаў, якія пратэставалі супраць сацыяльнай палітыкі ўрада, былі жорстка атакаваныя, адвольна арыштаваныя і пазбаўленыя волі, а потым у паскораным парадку аштрафаваныя або асуджаныя да турэмнага зняволення на тэрмін ад аднаго да двух тыдняў. Паведамляецца таксама, што на месцы асноўных падзей быў адключаны Інтэрнэт.

“Падзеі апошніх выходных даказваюць наўмысны характар рэпрэсіўных захадаў, а таксама паказваюць адкрытае вяртанне ўлады да былой палітыкі масавых рэпрэсій супраць грамадзянаў, якія ажыццяўляюць або прасоўваюць абарону правоў чалавека, прадугледжаную Канстытуцыяй і міжнароднымі дамовамі”, — падкрэсліў дакладчык.

З пачатку лютага дэманстранты пратэстуюць супраць дэкрэта, паводле якога ў дачыненні да асобаў, што не працуюць больш за 183 дні і афіцыйна не зарэгістраваныя як беспрацоўныя, можа быць прыменены штраф.

Спадар Харасці “асабліва засмучаны” нападамі на офісы НДА, у тым ліку офіс Праваабарончага цэнтра “Вясна”, што суправаджаліся фізічным гвалтам, а таксама знікненнем на тры дні палітычнага апанента ўладаў Міколы Статкевіча, які быў нарэшце вызвалены з СІЗА КДБ.

“Два тыдні таму я, разам з іншымі экспертамі ў галіне правоў чалавека, папярэджваў, што ўрад прэзідэнта Лукашэнкі, вядомы гісторыяй гвалтоўнага пераследу любой формы крытыкі, можа пайсці на далейшыя парушэнні”. Спадар Харасці выказвае шкадаванне, што яго перасцярогі апраўдаліся.

“Я буду працягваць пільна сачыць за сітуацыяй і заклікаць міжнародную супольнасць дамагацца пачатку дыялогу з праваабаронцамі і з тымі, хто садзейнічае мірным і дэмакратычным зменам у Беларусі”, — заключыў спадар Харасці.

Гэтую заяву падтрымалі Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб правах на свабоду мірных сходаў і аб’яднанняў Майна Кіяі, Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы праваабаронцаў Мішэль Форст, і Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб падтрымцы і абароне права на свабоду меркаванняў і іх выказвання Дэвід Кэй.

Спецдакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасці. Фота ПЦ “Вясна”

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»