За гэтым можна было назіраць online, хаця запрашэнне журналістаў на “цырымонію” не вельмі падабалася судовым выканаўцам.

Цяпер у адзінокім доме, абнесеным высокім зялёным плотам і жоўтымі будаўнічымі кранамі, можа пражываць толькі Таццяна Марынчык — цяперашняя жонка Івана Ігнатовіча, былога мужа Галіны. Рашэнне аб яе высяленні будзе прынятае ў бліжэйшы час.

“Яе маёмасць нават перапісалі на захоўванне ёй жа”, — здзіўляецца спадар Іван.

Жанчына з крана: Дзеці будуць жыць у сяброў, а я буду сеяць — у мяне ёсць зямля

 

Іван Ігнатовіч

Галіна Ігнатовіч залезла на будаўнічы краін 30 студзеня. Яна пратэставала супраць Кампаніі “Тапас”, якая вылучыла ім замест дома і ўчастка ў 45 сотак тры двухпакаёвыя кватэры, у адной з якіх жанчына мусіла жыць разам з былым мужам і яго новай жонкай. Пракурор Мінска, які прыехаў да крана, паабяцаў Галіне справядліва разабрацца з яе справай. Па словах жанчыны, спачатку ён знайшоў шэраг парушэнняў, а потым паперу з іх пералікам адклікаў. Пракурорская праверка, прызначаная пасля гэтага інцыдэнту, не знайшла парушэнняў у рашэнні “Тапаса”. Суд таксама падтрымаў кампанію.

У доме, апроч пакоя Таццяны і Івана, пуста. Засталіся толькі кветкі на вокнах. Галіна водзіць нас па доме, у якім 65 гадоў таму нарадзілася, потым нарадзіліся яе двое сыноў і чацвёра ўнукаў. Дом двойчы гарэў, у 1973 годзе ― ад навальніцы і ў 2010-м ― загарэлася праводка. Пасля апошняга пажару, ведаючы, што навакольныя дамы зносяць, Ігнатовічы звярнуліся ў Мінгарвыканкам. Маўляў, калі нас усё адно выселяць, то давайце цяпер вырашым пытанне з кватэрамі. Але сям’і паабяцалі, што яшчэ 20 гадоў іх дом чапаць не будуць. Ігнатовічы супакоіліся. Аднавілі дом. Паспрабавалі дабудаваць другі паверх — не дазволілі.

Жанчына з крана: Дзеці будуць жыць у сяброў, а я буду сеяць — у мяне ёсць зямля

 

Адзіны жылы пакой у доме Ігнатовічаў

“Трансфармацыя — прыдумляюць жа словы! І тое нельга, і гэта нельга. Але нас усё задавальняла. На вуліцы басейн, арэлі, агарод, прыходзілі дадому толькі начаваць. Тры паграбы, калодзеж. Мы карысталіся толькі дзяржаўным святлом. Нічога не прасілі. А цяпер вось так непрыгожа выгналі з дому. Столькі парушэнняў пры гэтым высяленні! Што малым сказаць? Добра, што ў іх акурат канікулы. І нават да канца навучальнага года два месяцы давучыцца не далі!” — распавядае Галіна са слязьмі на вачах.

Здавацца Ігнатовічы не збіраюцца: ключы ад кватэр, якія ім прапанаваў забудоўшчык у якасці кампенсацыі, сям’я не забірала. Нават кватэры не глядзелі. Кажуць, што ведаюць, што гэта за жыллё. Напрыклад, у адной з кватэр на вуліцы газеты “Звязда” адбылося забойства, другая знаходзіцца за паўтара кіламетра ад прыпынкаў гарадскога транспарту на вуліцы Выгоцкай (яе даюць Галіне, Івану і яго цяперашняй жонцы Таццяне). Усе варыянты — у старых дамах, пабудаваных яшчэ пры Савецкім Саюзе.

“І міла ў вочы глядзяць, маўляў, гэта мы тут сквапныя”, — кажа нявестка Галіны.

Жанчына з крана: Дзеці будуць жыць у сяброў, а я буду сеяць — у мяне ёсць зямля

 

Ігнатовічы паказваюць пералік парушэнняў справы

Цяпер “справу” Ігнатовічаў разглядае Вярхоўны суд. Калі яго рашэнне будзе такім, як ранейшыя, сям’я звернецца ў Генеральную пракуратуру.

“Есць яшчэ ААН. Магчыма, наша дзяржава не ўлічвае меркаванне ААН, але, можа, мае дзеці некалі даб’юцца праўды і справядлівасці. Ну некалі ж улада зменіцца!” — працягвае Галіна Ігнатовіч. Сама яна не можа знаходзіцца ў бацькоўскім доме. Але з’яўляецца ўласніцай зямлі ў 20 сотак, прадугледжанай пад вядзенне гаспадаркі, пра якую забудоўшчык забыўся, калі ацэньваў “фазэнду” Ігнатовічаў.

“Гэта мая зямля, якая мне перайшла па спадчыне. Вось я ўжо адну градку перакапала. Цяпер вось перадыхну, пап’ю кавы і буду радыску садзіць. Увечары пастаўлю намёт і буду ў ім жыць, пакуль мяне цалкам не разлічаць. Я яшчэ маю надзею, што не ўсё згублена”, — аб’яўляе Галіна.

Жанчына з крана: Дзеці будуць жыць у сяброў, а я буду сеяць — у мяне ёсць зямля

 

Галіна рыхтуе градкі да пасеву

Астатнія члены сям’і Ігнатовічаў збіраюцца жыць у сяброў і знаёмых.

“Мы ўсе разам адмаўляемся ад іх умоваў. На ўсіх нам даюць 150 квадратаў. Аднаму — 53, другому — 47. Складзіце гэта — на чалавека не атрымліваецца патрэбныя 15 метраў. Паводле ўказа №58, кожны ўласнік мае права выбраць любы від кампенсацыі. Нам гэтага не далі, а навязалі іншае. Апроч таго, на кожнага ўласніка і на члена яго сям’і паложана не менш за 15 квадратных метраў жыллёвай плошчы. То бок, калі сям’ю з 4-х чалавек высяляюць і прапануюць нешта іншае, то прапанаванае жыллё мусіць быць не меншым за 60 кв.м. Атрымліваецца, на дзяцей недадаюць 8 квадратных метраў, у брата — 13 кв.м, што незаконна”, — кажа сын Галіны Канстанцін.

Жанчына з крана: Дзеці будуць жыць у сяброў, а я буду сеяць — у мяне ёсць зямля

 

На фота Галіна Ігнатовіч, яе сын Канстанцін з жонкай і былы муж Іван (у разводзе яны 13 гадоў)

Глядзець у далёкую будучыню Ігнатовічы не бяруцца: жывуць сённяшнім днём. На месцы іх дома, побач з заказнікам Лебядзіны, хутка ўзвядуць прыгожы новы пяціпавярховік. У ім кватэр для сям’і не знайшлі.

Жанчына з крана: Дзеці будуць жыць у сяброў, а я буду сеяць — у мяне ёсць зямля

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»