“Увечары 21 сакавіка 2017 года, пасля цырымоніі ўручэння літаратурнай прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча, на вуліцы Кастрычніцкай людзі ў цывільным схапілі і адвезлі ў невядомым кірунку Алеся Яўдаху, індывідуальнага прадпрымальніка, які распаўсюджвае беларускамоўныя кнігі. У той жа вечар быў затрыманы супрацоўнік выдавецтва “Кнігазбор” Міраслаў Лазоўскі”, — адзначаецца ў заяве.

“Беларускі ПЭН-цэнтр абураны характарам гэтых затрыманняў і адсутнасцю вычарпальнай інфармацыі пра месцазнаходжанне і прычыны затрымання Алеся Яўдахі і Міраслава Лазоўскага, паведамляе БелаПАН. Мы патрабуем ад праваахоўных органаў даць прававую ацэнку гэтым падзеям і спадзяемся, што нашы калегі будуць вызваленыя”, — заяўляе рэспубліканская грамадская арганізацыя, якая ўваходзіць у Сусветную асацыяцыю пісьменнікаў “Міжнародны ПЭН-клуб”.

Затрыманне Лазоўскага і Яўдахі адбылося праз некалькі гадзін пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі. 21 сакавіка падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць Лукашэнка паведаміў пра затрыманне баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй. Адказваючы на пытанне аднаго з працаўнікоў прадпрыемства “Кранаспан”, які пацікавіўся “пра прычыны актывізацыі ў апошні час так званай пятай калоны і розных апазіцыйных структур”, кіраўнік дзяржавы сказаў: “Як паказала рэчаіснасць, яны не спалі (асобныя), яны паціху рыхтаваліся на выпадак, выбіралі момант. Мы ўжо некалькі дзясяткаў затрымалі (не тых, што ў аўтобусах, анархістаў з маскамі), якія трэніраваліся ў лагерах са зброяй. Дарэчы, адзін з лагераў быў у раёне Бабруйска і Асіповічаў. Астатнія лагеры — ва Украіне. Па-мойму, у Літве ці ў Польшчы (не буду сцвярджаць, але недзе там). Грошы ішлі праз Польшчу і Літву да нас. Мы літаральна ў гэтыя гадзіны затрымалі пару дзясяткаў баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй”.

Пасля гэтай заявы ў краіне затрымалі, як мінімум, 17 чалавек.

 
Фота з адкрытых крыніц

Поделиться ссылкой: