Кіраўнікі Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускага ПЭН-цэнтра і Беларускай асацыяцыі журналістаў 9 сакавіка звярнуліся з сумеснай заявай у Міністэрства культуры з патрабаваннем патлумачыць, па якім прынцыпе тыя ці іншыя аб`яднання прылічаліся да творчых саюзаў. Тэкст заявы апублікаваны на афіцыйным сайце БАЖ.

Па заканадаўстве члены арганізацый, прызнаных творчымі саюзамі, вызваленыя ад выплаты збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў, устаноўленага дэкрэтам прэзідэнта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.

Заяўнікі спаслаліся на Канстытуцыю, у якой замацавана, што “ўсе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў”.

“Сітуацыя, калі па незразумелых і непразрыстых крытэрыях адны з грамадскіх аб`яднанняў былі ўключаныя Міністэрствам культуры ў пералік творчых саюзаў, а іншыя — не, з`яўляецца паказчыкам дыскрымінацыйнага падыходу з боку міністэрства да шэрагу арганізацый і іх членаў, якія займаюцца творчай працай, што парушае Канстытуцыю”, — перакананы аўтары звароту.

Яны заклікалі міністэрства адмяніць дакумент, які замацаваў статус творчага саюза толькі за абмежаванай колькасцю аб`яднанняў.

Згодна з дакументам, зацверджаным Мінкультуры, гэтым статусам былі надзелены саюзы архітэктараў, дызайнераў, кінематаграфістаў, кампазітараў, літаратурна-мастацкіх крытыкаў, майстроў народнай творчасці, музычных дзеячаў, тэатральных дзеячаў, мастакоў, гільдыя акцёраў кіно, аб`яднанне “Фотамастацтва” (цяпер Беларускае грамадскае аб`яднанне фатографаў), а таксама праўладныя Беларускі саюз журналістаў і Саюз пісьменнікаў Беларусі.


Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Иллюстрация: Фрагмент картины И.Е. Репина “Манифестация 17 октября 1905 года”

Поделиться ссылкой: