Актыўную падтрымку ў гэтым нам аказваюць міжнародныя арганізацыі.

Паводле слоў генеральнага дырэктара міжнароднай незалежнай медыцынскай гуманітарнай арганізацыі “Урачы без меж” Ар’яна ХЕХЕНКАМПА, наша краіна можа адыграць асаблівую ролю ў барацьбе з такім захворваннем, як туберкулёз: “Тут назапашана шмат вопыту, ёсць добрыя спецыялісты, і ёсць надзея, што праз два гады мы дасягнем значных вынікаў, якія зможам прадставіць і ў іншых краінах“. Наогул з удзелам “Урачоў без меж” праекты па процістаянні туберкулёзу былі рэалізаваны ў Арменіі, Грузіі, Кыргызстане, Расіі, Таджыкістане, Узбекістане, Украіне.

Захваральнасць на туберкулёз, як і смяротнасць ад яго, стабільна зніжаецца ў нас у апошнія гады, але галоўным чынам за кошт змяншэння адчувальных формаў туберкулёзу — тых, што паддаюцца лячэнню асноўнымі супрацьтуберкулёзнымі прэпаратамі. Між тым удзельная вага пацыентаў з мульцірэзістэнтнымі формамі туберкулёзу (множнай і шырокай лекавай устойлівасцю — калі ўзбуджальнік не рэагуе ні на асноўныя, ні на рэзервовыя лекі) складае ўжо 36 працэнтаў сярод новых выпадкаў і каля 70 працэнтаў сярод пацыентаў паўторна пралечаных. Пацыенты з устойлівымі формамі складаюць 82 працэнты ад усіх з бактэрыявыдзяленнем, пастаўленых на ўлік у супрацьтуберкулёзных установах.

Яшчэ ў 2015-м арганізацыя Каралеўства Нідэрландаў “Урачы без меж” (дапамагае больш як 70 краінам свету і існуе галоўным чынам на ахвяраванні звычайных людзей) разам з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь пачалі праект, закліканы павысіць прыхільнасць да лячэння пацыентаў з множнай лекавай устойлівасцю. Удасканаленне амбулаторнага лячэння ўстойлівых формаў туберкулёзу адбываецца на базе РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі, 1-га і 2-га гарадскіх супрацьтуберкулёзных дыспансераў Мінска, гарадской туберкулёзнай бальніцы ў в. Валковічы Мінскай вобласці. “Урачы без меж” кансультуюць і аказваюць сацыяльна-эканамічную падтрымку 150—200 беларускім пацыентам штомесяц. Асаблівая ўвага ўдзяляецца тым, у каго туберкулёз спалучаецца з алкагольнай залежнасцю, што, уласна, і не дазваляе гэтай катэгорыі быць прыхільнымі да лячэння.

Дзякуючы фінансавай падтрымцы Глабальнага фонду, пацыенты з шырокай лекавай устойлівасцю атрымліваюць абсалютна новыя лекі, а яшчэ не так даўно такім хворым прапаноўвалася толькі паліятыўная дапамога. Устойлівыя формы туберкулёзу неабходна лячыць на працягу двух гадоў, і за гэты час даводзіцца прыняць звыш 10 тысяч таблетак, на працягу 6—8 месяцаў — яшчэ і штодня атрымліваць балючыя ін’екцыі. Лячэнне суправаджаецца сур’ёзнымі пабочнымі эфектамі, плюс да ўсяго — адрыў ад соцыуму. Прымяненне ў наступныя два гады самых новых лекаў пакажа, ці магчыма вырашыць ці хоць бы зменшыць усе гэтыя праблемы.

Немагчыма прывязаць пацыента да ложка на ўсе два гады, ён павінен паўнацэнна жыць і працаваць, а ложак у стацыянары каштуе вялікіх грошай, — тлумачыць дырэктар РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі Генадзь ГУРЭВІЧ. — Таму ставіцца задача аб пераразмеркаванні фінансавання са стацыянарнай на амбулаторную дапамогу, і для такога пераходу ўжо створана рабочая група з удзелам у тым ліку Міністэрства фінансаў. Напачатку ў Брэсцкай і Магілёўскай абласцях будуць рэалізаваныя пілотныя праекты па аб’яднанні і далейшым размеркаванні ўсіх рэсурсаў на барацьбу з туберкулёзам на ўзроўні рэгіёна“.

Адна з праблем амбулаторнага лячэння — захаванне прыхільнасці пацыента — забяспечваецца дзякуючы сродкам Глабальнага фонду. У якасці стымулу ўсё яшчэ захоўваецца раздача харчовых набораў, праязных білетаў, а з мінулага года па ўсёй краіне ўкаранілася практыка відэакантролю — у такім маштабе ўпершыню ў свеце. 150 пацыентаў у год атрымліваюць смартфоны, падпісваюць з медустановай адпаведнае пагадненне і рэгулярна дасылаюць у медустанову відэа аб тым, як яны прымаюць лекі.

Наогул лячэнне хворых на туберкулёз адбываецца за дзяржаўныя сродкі, аднак у выпадку з шырокай лекавай устойлівасцю, дзе прымяняюцца новыя прэпараты, з-за чаго кошт лячэння перавышае 20 тысяч долараў, пакуль магчымае дзякуючы Глабальнаму фонду.

Фота: eurolab.ua

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»