“Агульныя настроі ўверсе дзяржавы — захаваць льготы, але толькі змяніць патрабаванні да рэзідэнтаў (ПВТ. — БелаПАН.), каб яны працавалі з большай аддачай на карысць усёй беларускай эканомікі, не толькі ІКТ-сектара, але і прамысловасці, сельскай гаспадаркі, транспарту і так далей. Без усякага гвалту над імі. Каб яны паглядзелі больш уважліва, што яны самі, па сваёй ініцыятыве, зыходзячы са сваіх кампетэнцый і магчымасцяў, маглі б зрабіць для розных сектараў беларускай эканомікі”, — сказаў Басько.

“Дырэктару (Валерыю Цапкалу. — БелаПАН.) ужо досыць даўно было прапанавана падумаць над гэтым пытаннем і даць свае прапановы. Але ён проста палічыў, што рэзідэнтам ПВТ не трэба гэтым займацца, а дастаткова таго, што яны нармальна развіваюць свой бізнес і павялічылі экспарт у сваёй нішы. У яго была прынцыповая пазіцыя і застаецца такой. Прынамсі, да нядаўняга часу”, — дадаў гендырэктар асацыяцыі “Інфапарк”.

Яшчэ адна кампетэнтная крыніца, якая пажадала застацца неназванай, выказала здагадку, што прычынай звальнення Цапкалы стала яго пасіўная пазіцыя. “Трэба было быць больш актыўным кіраўніком, а не проста спачываць на лаўрах і пісаць, як усё выдатна. Трэба было прапаноўваць нейкія новыя ініцыятывы і праекты”, — адзначыў суразмоўца БелаПАН.

Сам Цапкала сваю адстаўку не каментуе. “Давайце пакінем гэта без каментара”, — сказаў ён БелаПАН, а таксама адмовіўся ўдакладняць, па чыёй ініцыятыве прынята кадравае рашэнне.

Пра тое, што Валерый Цапкала па распараджэнні Аляксандр Лукашэнкі вызвалены ад пасады дырэктара ПВТ, паведаміла 2 сакавіка прэс-служба прэзідэнта.

Цапкала ўзначальваў ПВТ з моманту яго заснавання ў 2005 годзе. Ён нарадзіўся ў 1965 годзе ў Гродне. Скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт і Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін. У 1992—1993 гадах працаваў другім сакратаром Міністэрства замежных спраў. У 1993—1994 гадах — саветнік старшыні Вярхоўнага савета па знешнепалітычных пытаннях. У 1994 годзе падтрымаў кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнку і стаў адным з кіраўнікоў яго перадвыбарчага штаба. У 1994—1997 гадах займаў пасаду першага намесніка міністра замежных спраў. У 1997—2002 гадах быў паслом у ЗША і ў Мексіцы (па сумяшчальніцтве). У 2002—2005 гадах з’яўляўся памочнікам прэзідэнта — паўнамоцным прадстаўніком прэзідэнта ў Нацыянальным сходзе.

Па стане на 21 лютага 2017 года ў Парку высокіх тэхналогій зарэгістравана 165 рэзідэнтаў і працуе больш за 27 тыс. чалавек. Аб’ём вытворчасці камп’ютарных праграм ў 2016 годзе склаў 1.790,2 млн рублёў, або 904,4 млн долараў, што на 42% больш за паказчык 2015 года. Аб’ём экспарту ПВТ у 2016 годзе павялічыўся на 16% і склаў 820,6 млн долараў ЗША. Доля экспарту ў агульным аб’ёме вытворчасці парку склала 91%. Распрацаванае ў ПВТ праграмнае забеспячэнне ў 2016 годзе пастаўлялася заказчыкам з 67 краін, пры гэтым 49,1% экспарту прыпадала на краіны Заходняй Еўропы, 43,2% — на ЗША.

На сустрэчы з грамадскасцю і СМІ 3 лютага Аляксандр Лукашэнка даручыў старшыні Следчага камітэта Івану Наскевічу папярэдзіць айцішнікаў, каб “не сваволілі”. “Мала таго што добрую зарплату атрымліваюць, плацяць толькі падаходны падатак, дык яшчэ пачалі з кампаніямі, якім паслугі аказваюць, за мяжой адкрываць рахункі, карткі і іншае. І яны ім там скідаюць на карткі грошы. Гэта значыць пачалі атрымліваць зарплату “ў канвертах”, — заявіў прэзідэнт. Ён даручыў кіраўніку СК “паехаць туды, сабраць іх і папярэдзіць: хлопцы, хопіць жартаваць, таму што мы так будзем глядзець, глядзець — і паставім вас у шэраг з усімі”.


Аляксандр Ярашэвіч, БелаПАН.

Гендырэктар асацыяцыі "Інфапарк" Басько выказаў меркаванне аб звальненні Цапкалы

Поделиться ссылкой: