«Улады ўсё больш губляюць давер людзей. Здрадзіць Курапатам для нас, беларусаў, гэта як згубіць гісторыю, сваё мінулае. Гэтага нельга дапусціць. Я вельмі радая, што ў Курапатах столькі маладых людзей. Мы знайшлі новае палітычнае пакаленне, нарэшце яно загаварыла.

Я ўяўляю пазіцыю ўлады, яна пабудаваная на кульце сілы. Саступіць народу ім зусім не хочацца, бо гэта будзе ўспрымацца як праява слабасці. Стала абсалютна відавочна, што ўлада і народ раз’яднаныя, гэта не адно і тое ж.

Мне здаецца, што, як і ў выпадку з «дэкрэтам аб дармаедах», улады спрабуюць нашчупаць нейкія шляхі адыходу. Можа быць, нават улада не адзінае. Вось гэта нас можа абрадаваць, што там з’яўляюцца нейкія разумныя людзі. Праўда, пакуль яны несвабодныя, яны пад ціскам.

У асобе Дашкевіча я бачу аблічча новага палітычнага пакалення. Ён з тых людзей, хто будзе вызначаць нашую будучыню. Несумненна. Дашкевіч, Севярынец… Як сумна ні было людзям майго пакалення, але павестку дня будуць вызначаць маладыя. У іх іншыя метады супрацьстаяння, яны ўлічылі нашы памылкі.

Няправільна ставіць пытанне, ці атрымаецца ў «іх» адстаяць Курапаты. Трэба казаць, ці атрымаецца ў «нас». Калі б такое было ў Варшаве, то ўся Варшава была б у Курапатах, калі б у Вільні — то ўся Вільня была б у Курапатах. Людзей, канечне, больш, чым раней, але гэта моладзь. Хацелася б, каб прачнулася грамадства. Гэта такая сфера, дзе сорамна маўчаць.

Я была вельмі радая, калі бачыла фотаздымкі з акцый пратэсту супраць дэкрэту №3. Было прыемна, што акцыі выкідваюць наверх новыя асобы, твары. Гэта было радасна. Уладзе не хапае розуму, што нельга ставіць сябе папярок часу, грамадства. Наша ўлада не адпавядае выклікам часу. А вось грамадства саспявае для гэтага».

Фота Ірыны Арахоўскай

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»