У параўнанні з 2015 годам валютная выручка Беларусі скарацілася на 10,3%, або на 3,4 млрд долараў.

Найбольшы ўплыў на скарачэнне валютных даходаў краіны аказала сітуацыя з экспартам тавараў. За 2016 год выручка Беларусі ад экспарту тавараў склала 23,1 млрд долараў і знізілася ў параўнанні з 2015 годам на 3,16 млрд долараў.

Ад экспарту паслуг валютная выручка краіны ў мінулым годзе склала амаль 5,8 млрд долараў і зменшыліся на 3,4% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам, або на 205,3 млн долараў, паведамляе БелаПАН.

Іншыя валютныя паступленні Беларусі склаліся ў 2016 годзе на ўзроўні 726,3 млн долараў і скараціліся на 4,7% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам.

Валютная выручка Беларусі скарачаецца ўжо чатыры гады запар пачынаючы з 2013-га. Пасля таго як у 2012-м валютныя паступленні краіны дасягнулі рэкордных 50,6 млрд долараў, у 2013-м яны знізіліся да 44 млрд долараў, у 2014-м — да 43,1 млрд долараў і да 33 і 29 млрд долараў у апошнія два года адпаведна.

“Кожны год прычыны скарачэння выручкі былі розныя: у 2013-м у параўнанні з 2012-м яна прасела, бо “растваральны” бізнес і ўзнік калійны канфлікт, у 2014-м — умацаванне беларускага рубля да расійскага прывяло да паслаблення пазіцый нашых экспарцёраў, у 2015-м — знізіліся сусветныя цэны на нафту і нафтапрадукты, у 2016-м — Расія скараціла пастаўкі нафты ў нашу краіну”, — адзначыў у каментарыі БелаПАН дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

Беларускі ўрад прагназуе, што валютная выручка Беларусі ў 2017 годзе вырасце — афіцыйны прагноз улад прадугледжвае рост экспарту тавараў і паслуг у гэтым годзе на ўзроўні 3,8%. Згодна з пастановай Саўміна № 138, якая была прынятая на мінулым тыдні, урад плануе нарасціць продаж беларускіх тавараў і паслуг у Азербайджан у 2017 годзе на 20%, у Кітай — на 15%, у Нідэрланды — на 10%, у Расію — на 5%.

На думку эканамістаў, дынаміка беларускага экспарту ў 2017 годзе вельмі няпэўная, і таму ўпэўненасці ў тым, што экспартная выручка ў гэтым годзе адназначна вырасце, пакуль няма.

“Мы не ведаем, колькі нафты Расія будзе прадаваць у Беларусі ў 2017 годзе. Захоўваецца рызыка таго, што аб’ём вуглевадароднай сыравіны, які мы атрымаем з Расіі, будзе ніжэйшым, чым хоча наша краіна, і ў гэтым выпадку рост беларускага экспарту ў Нідэрланды, які ўключае ў асноўным нафтапрадукты, акажацца нерэальным”, — адзначыў Чубрык.

Акрамя гэтага, з прычыны расійскіх санкцый невядомы і аб’ём экспарту мяса-малочнай прадукцыі, якую Беларусь паставіць у Расію. “Але ж прадукты харчавання займаюцт у экспартным кошыку нашай краіны таксама прыкметную ролю, супастаўную з нафтапрадуктамі”, — рэзюмаваў Аляксандр Чубрык.


Фота з адкрытых крыніц

Поделиться ссылкой: