“У мэтах выканання патрабавання кіраўніка дзяржавы Саветам міністраў і Нацыянальным банкам прыняты план мерапрыемстваў па дэдаларызацыі эканомікі”, — паведаміў Калечыц на лютаўскім пашыраным пасяджэнні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі. Поўны тэкст яго выступлення публікуе выданне Нацбанка “Банковский вестник”.

Паводле слоў чыноўніка, паведамляе БелаПАН, план “прадугледжвае меры па скарачэнні выкарыстання замежнай валюты ў разліках і пры выплаце збораў, пошлін і іншых плацяжоў, а таксама ў якасці эквіваленту меры кошту пры фармаванні тарыфаў, ставак і цэн”.

Калечыц удакладніў, што асноўныя меры зацверджанага плана павінны быць прынятыя ў 2017—2018 гадах.

“Безумоўнае іх выкананне будзе спрыяць далейшаму ўмацаванню даверу да нацыянальнай валюты. Запаволенне інфляцыйных працэсаў, больш высокая даходнасць па дэпазітах у нацыянальнай валюце ў параўнанні з інвалютнымі, стабільная сітуацыя на валютным рынку, якая сведчыць аб зніжэнні валютных рызык у краіне, фармуюць для гэтага спрыяльны фон”, — заявіў Калечыц.

У сваю чаргу намеснік старшыні праўлення Нацбанка Дзмітрый Калечыц канстатаваў, што ступень даларызацыі эканомікі застаецца ўсё яшчэ высокай.

“Да канца 2016 года доля актываў дзейных беларускіх банкаў у замежнай валюце дасягнула 61,7%. Па стане на 1 студзеня 2017 года доля валютных дэпазітаў у агульнай структуры банкаўскіх укладаў насельніцтва склала 76,3%”, — адзначыў Дзмітрый Калечыц.

Пры гэтым ён удакладніў, што ў 2016 годзе акрэслілася тэндэнцыя зніжэння ўзроўню даларызацыі актываў і пасіваў камерцыйных банкаў.

“У межах стварэння ўмоў па павышэнні прывабнасці зберажэнняў у нацыянальнай валюце і ўстанаўленні банкамі больш нізкай прыбытковасці па ўкладах (дэпазiтах) у замежнай валюце Нацыянальны банк рэкамендаваў банкам праводзіць паслядоўнае зніжэнне верхняга ўзроўню працэнтных ставак па ўкладах (дэпазітах) фізічных і юрыдычных асоб”, — канстатаваў Дзмітрый Калечыц.

Беларускія эканамісты лічаць, што Нацбанк з дапамогай дэдаларызацыі партфеляў банкаў спрабуе павысіць свой уплыў на грашовы рынак.

“Для таго каб Нацбанк мог лепш ўплываць на інфляцыю, павінен працаваць працэнтны канал. У цяперашняй сітуацыі працэнтная палітыка Нацбанка недастаткова дзейсная, бо крэдытныя партфелі банкаў пераважна сфармаваныя з ільготных крэдытаў з фіксаванай працэнтнай стаўкай і з валютных крэдытаў”, — адзначыў у размове з карэспандэнтам БелаПАН эканаміст Антон Болтачка.

Паводле экспертных ацэнак, у агульным партфелі банкаў рублёвыя крэдыты, дадзеныя на рынкавых умовах, займаюць сёння прыблізна 15%, і толькі на ўмовы выдачы такіх рэсурсаў можа ўздзейнічаць сёння Нацбанк за кошт працэнтнага канала, канстатуе Болтачка.

“Таму дэдаларызацыя партфеляў банкаў — важны напрамак дзейнасці Нацбанка, які дазваляе павысіць ўплыў працэнтнай палітыкі рэгулятара на грашовы рынак”, — падкрэсліў эканаміст.


Фота з адкрытых крыніц

Поделиться ссылкой: