Журы форуму ўзначаліў галандскі рэжысёр і сцэнарыст Пол Верховен. У бягучым годзе яго фільм “Яна” атрымаў “Залаты глобус” як лепшая карціна на замежнай мове.

Адкрыў фестываль дэбютны фільм французскага рэжысёра Эцьена Камара “Джанга” пра джазавага музыканта цыганскага паходжання Джанга Рэйнхарта і яго жыццё ў акупіраванай фашыстамі Францыі. Адзначаецца, паведамляе БЕЛТА, што карціна будзе прэтэндаваць на галоўны прыз фестывалю – “Залатога мядзведзя”.

Усяго ў Берліне будзе прадстаўлена 399 карцін, 18 з якіх будуць змагацца за галоўны прыз. Сярод іх фільм Алена Гомеса “Фелісіце” – гісторыя пра жанчыну, што спрабуе выратаваць свайго сына, якога чакае ампутацыя нагі. Стужка Стэнлі Тучы “Апошні партрэт” пра швейцарскага скульптара Альберта Джакамеці, а таксама карціна Каліна Пітэра Нецэра “Ана, любоў мая”.

Геаграфія ўдзельнікаў шырокая – гэта краіны Еўропы і Паўночнай Амерыкі, Лівана, Сенегала, Чылі.

Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў кінафоруму адбудзецца 18 лютага.

Фота: БЕЛТА

Поделиться ссылкой: