Пра гэта паведамляе прэс-служба “Моладзі БНФ”.

“Мы вырашылі стварыць сваю, так бы мовіць, культурную пляцоўку, бо мы робім даволі шмат культурных і адукацыйных рэчаў і жадалі б вывесці іх на больш якасны ўзровень. “Моладзь БНФ” — гэта ўжо палітычны брэнд, і частка арганізацый ды ўстановаў баіцца супрацоўнічаць з намі ў любых накірунках, таму паспрабуем пайсці такім шляхам”, — пракаментаваў ініцыятыву стварэння новага маладзёжнага аб’яднання кіраўнік “Моладзі БНФ” Юрый Лукашэвіч.

Як лічаць у арганізацыі, паведамляе БелаПАН, гэта стане своеасаблівай “лакмусавай паперкай” для ўладаў, якія ў апошні час заяўляюць аб падтрымцы беларускай культуры, гісторыі і мовы. “У той жа момант яны рэгіструюць адкрыта прарасійскія арганізацыі, такія як “Румол”. Дык ці пойдзе ўлада на тое, каб зарэгістраваць патрыятычную прабеларускую арганізацыю?” — задаецца пытаннем прэс-служба “Моладзі БНФ”.

Актывісты лічаць, што афіцыйны статус ім дапаможа папулярызаваць беларускую культуру, гісторыю, мову, прасоўваць ідэі і мэты “Моладзі БНФ”. Пры гэтым яны заяўляюць, што новая арганізацыя не ставіць палітычных мэтаў і не збіраецца дзейнічаць у гэтым кірунку.

“Калі ўлада пацвердзіць сапраўднасць сваіх слоў пра спрыянне беларускаму нацыянальнаму адраджэнню і дасць нам афіцыйную рэгістрацыю, то мы выкарыстаем афіцыйны статус на ўсю моц і будзем рабіць больш культурных, адукацыйных праектаў па ўсёй краіне, працаваць з новымі арганізацыямі і людзьмі. І, безумоўна, незалежна ад таго, ці атрымае “Моладзь Адраджэння” рэгістрацыю, мы і надалей працягнем нашу актыўнасць і будзем прасоўваць ідэі і мэты “Моладзі БНФ”, — адзначае прэс-служба арганізацыі.


Фота: google.by

Поделиться ссылкой: