«Народная Воля» пісала пра гэты абуральны выпадак. Летам мінулага года мінчанін Ігар Рылькоў, будучы абсалютна цвярозым, быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі Наталляй Вярбіцкай (1991 г.нар.) і Уладзіславам Ісаковічам (1995 г.нар.). Ахоўнікаў правапарадку збянтэжыла яго няўпэўненая хада. Тлумачэнні інваліда, што ён так ходзіць з-за хваробы, ні да чаго не прывялі: Рылькова адправілі ў спецпрыёмнік-размеркавальнік на Акрэсціна, дзе ён чакаў суда, паводле рашэння якога аказаўся вінаватым з усіх бакоў. За «нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы» і «непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі» яго аштрафавалі на 315 рублёў.

Гэтая сума перавышае месячную пенсію інваліда, таму папаўняць дзяржаўную казну Рылькоў не спяшаўся – штрафы не аплачаны ім да гэтага часу. Ігар стаў дамагацца справядлівасці ў міліцэйскіх і пракурорскіх кабінетах. Праўда, на сваім прыкладзе пераканаўся, што сістэма МУС у нашай краіне «сваіх не здае». Вось што распавёў пра свае пакуты Ігар Рылькоў.

– Пачну з таго, што сам факт затрымання я лічу незаконным. Супрацоўнікі МУС Вярбіцкая і Ісаковіч парушылі артыкулы 22, 24, 26, ч.11 артыкула 28 Закона «Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь»: не маючы законных падстаў, ужылі супраць мяне, інваліда другой групы, катаванні (ужылі грубую фізічную сілу і выкарысталі спецсродкі – кайданкі). А гэта строга забаронена законам. Пасля гэтага мяне змясцілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, пазбавіўшы волі на доўгі прамежак часу і ўтаіўшы ад начальніка ЦІП, што я інвалід.

Фактычна мяне незаконна пазбавілі волі з-за міліцэйскай памылкі. Грамадскі парадак я не парушаў, міліцыянерам проста падалося, што я нецвярозы. Са спецпрыёмніка-размеркавальніка мяне павезлі ў суд, але перад адпраўкай мне вярнулі асабістыя рэчы – грабянец, рэмень і гадзіннік. Пасведчання інваліда, якое я даў міліцыянерам пасля затрымання, мне не вярнулі. Але даказаць гэта я не магу ўжо паўгода.

Чаму?

– Па сутнасці, з мяне робяць ідыёта. На імя кіраўніцтва Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў я падаў некалькі заяў з просьбай вярнуць мне пасведчанне інваліда. Спачатку там адмаўлялі сам факт, што гэты дакумент у мяне быў з сабой. Потым, праўда, нечакана “ўспомнілі”, што пасведчанне мне вярнулі разам з астатнімі асабістымі рэчамі. Аб гэтым у афіцыйным лісце напрыканцы снежня 2016 года мне паведаміў начальнік Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў І.Ю.Сакалоўскі. Адначасова ён паведаміў наступнае (цытую): «Адсутнасць пры грамадзяніне дакументаў, якія сведчаць пра яго асобу, для органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь не з’яўляецца перашкодай для выяўлення яго асобы».

Ідэнтычны адказ я атрымаў ад начальніка Ленінскага РУУС Мінска М.А.Свірыда.

Уся соль у тым, што мне так і не паказалі пратакол, дзе стаяў бы мой подпіс, які пацвярджаў бы, што мне вярнулі пасведчанне інваліда.

Чаму я звяртаю ўвагу на гэты факт? Хутчэй за ўсё, маё пасведчанне было згублена міліцыянерамі, якія праводзілі затрыманне. А любы падобны дакумент пранумараваны. Вось зараз імкнуся дабіцца ад праваахоўнікаў інфармацыі пра тое, ці захаваўся ў іх нумар пасведчання, якое нібыта было вернута мне. Пакуль безвынікова.

– Вы спрабавалі дамагчыся адмены судовага рашэння з дапамогай адваката. Атрымалася?

– Атрымалася пераканацца ў тым, што бясплатная юрыдычная дапамога для інвалідаў у нашай краіне – казкі на карысць бедных. Так, маё маёмаснае становішча, роўна як і ў тысяч інвалідаў у Беларусі, далёкае ад ідэальнага. Таму я быў вымушаны звярнуцца з лістом у Міністэрства юстыцыі, у якім напісаў, што Беларусь не так даўно падпісала Канвенцыю аб правах інвалідаў і ўзяла на сябе абавязацельства ў тым ліку і ў галіне прадастаўлення інвалідам права на доступ да юрыдычнай дапамогі. А паколькі аплаціць паслугі адваката, адзін працоўны дзень якого каштуе амаль як мая месячная пенсія, я не магу, дык прашу прадаставіць мне адваката бясплатна. Я ж не юрыст і прафесійна абараніць свае парушаныя правы не ў стане.

Што адказалі ў Міністэрстве юстыцыі?

– Мой зварот спачатку быў накіраваны ў Мінскую гарадскую калегію адвакатаў, а адтуль – у адвакацкае бюро «Сфера права». Уся дапамога гэтай арганізацыі звялася да таго, што з дакументамі па маіх адміністрацыйных правапарушэннях азнаёміўся Павел Шамко, які паведаміў, што тэрміны падачы скаргі на рашэнне суда выйшлі праз 10 дзён пасля яго вынясення. Пры гэтым ён нават не выпатрабаваў з суда матэрыялы, каб упэўніцца ў законнасці іх складання, пра што я пісаў у заяве ў Міністэрства юстыцыі.

Ніхто не стаў паглыбляцца ў сутнасць справы, ніхто не стаў прадпрымаць ніякіх дзеянняў, каб прыцягнуць да адказнасці міліцыянераў, якія мяне затрымалі. Прычына зразумелая: калі прызнаць дзеянні міліцыянераў незаконнымі, то, па-першае, трэба пакараць іх, па-другое, прызнаць незаконным маё ўтрыманне на Акрэсціна, па-трэцяе, пакараць суддзю, якая вынесла вердыкт на падставе незаконнага затрымання.

Я самастойна звярнуўся ў праваабарончы цэнтр “Прававая дапамога насельніцтву». Юрысты гэтай арганізацыі дапамаглі скласці скаргу ў пракуратуру горада Мінска аб вынясенні пратэсту ў Мінскі гарадскі суд на рашэнні суда Ленінскага раёна, якія я лічу незаконнымі. І адтуль праз некалькі тыдняў прыйшоў адказ за подпісам начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і прававых актаў Д.А.Шапавалава. Адказ, прама скажу, нечаканы: пракуратура ўгледзела парушэнні заканадаўства. Даслоўна гэта гучыць так: «У сувязі з аднабаковасцю, непаўнатой і неаб’ектыўнасцю даследавання акалічнасцяў адміністрацыйнага правапарушэння ў Мінскі гарадскі суд вынесены пратэст». Зараз чакаю адказу адтуль.

Юрысты праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» дапамаглі скласці заяву ў Следчы камітэт Ленінскага раёна г.Мінска аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі Вярбіцкай і Ісаковіча за незаконнае пазбаўленне волі, за заведама незаконнае затрыманне і перавышэнне ўлады – паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Там месяц гэта «расследавалі» і адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Дарэчы, мне толькі праз тры тыдні далі матэрыялы для азнаямлення. Следчы то заняты, то ў адпачынку…

КАМЕНТАРЫЙ

Супрацоўнікі Следчага камітэта паставіліся да праверкі павярхоўна і няўважліва

Сітуацыю са справай Ігара Рылькова аналізуе Алег Волчак, кіраўнік праваабарончага цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву” (зарэгістраваны ва Украіне):

– 25 студзеня я разам з Ігарам і яго мамай прыйшоў у Следчы камітэт, каб азнаёміцца з матэрыяламі праверкі. Але нам у чарговы раз адмовілі. Намеснік начальніка Следчага камітэта Чуй сказаў, што следчага няма на месцы, а толькі ён можа прадаставіць матэрыялы праверкі. Я папрасіў указаць норму закона, згодна з якой пацярпелыя могуць азнаёміцца з матэрыяламі праверкі толькі ў прысутнасці следчага, які праводзіў разбіральніцтва. Справа ў тым, што ў законе такой нормы няма, – таму пытанне засталося без адказу.

Толькі па нашым патрабаванні Рылькову выдалі пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Хаця павінны былі гэта зрабіць праз суткі пасля прыняцця гэтага рашэння.

Пра тое, што супрацоўнікі Следчага камітэта паставіліся да праверкі павярхоўна і няўважліва, сведчыць хаця б такі факт: па матэрыялах праверкі Рылькову адказваў «лейтэнант юстыцыі П.А.Капіца». Гэта было напісана на пачатку дакумента, а ў канцы, на трэцім аркушы, ён раптам стаў «старшым лейтэнантам» – вось такое «павышэнне па службе». Я ўжо не кажу пра мноства нестыковак, якія ёсць у справе. Не кажу пра тое, што іншых сведак здарэння, акрамя міліцыянераў, якія затрымлівалі Рылькова, няма, і галаслоўныя паказанні ахоўнікаў правапарадку прымаюцца як ісціна ў апошняй інстанцыі. Ніхто ў Следчым камітэце не стаў разбірацца ў гэтай службовай справе. Ці не захацеў?

Выносячы пратэст, пракуратура горада Мінска невыпадкова звярнула ўвагу на аднабаковасць, непаўнату і неаб’ектыўнасць даследавання акалічнасцяў інцыдэнту. Падаецца справядлівым і лагічным, што Следчы камітэт павінен узбудзіць крымінальную справу і прынцыпова падысці да кожнага факта. Але…

У любым выпадку Ігар Рылькоў будзе абскарджваць рашэнне следчага і патрабаваць аднаўлення справядлівасці ў дачыненні да сябе.

Р.S. Ігар Рылькоў звярнуўся да міністра юстыцыі з просьбай, каб той выступіў з прапановай перад Саветам міністраў аб стварэнні ў Беларусі муніцыпальных адвакацкіх службаў, якія аказвалі б бясплатную прававую дапамогу інвалідам у судах па грамадзянскіх і адміністрацыйных справах. Такія цэнтры працуюць у многіх краінах свету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»