Новая заяўка на правядзенне акцыі будзе пададзеная ў Мінгарвыканкам 8 лютага — такое рашэнне прынятае сёння на пасяджэнні аргкамітэта.
 
Падкрэслівалася, што акцыя пройдзе ў ранейшым фармаце: збор удзельнікаў акцыі на пляцоўцы каля будынка Нацыянальнай акадэміі навук і шэсце па праспекце Незалежнасці да парку Янкі Купалы. Праводзіць мітынг сёлета не плануецца.

Арганізатары таксама будуць прапаноўваць кіраўніцтву Мінгарвыканкама сустрэцца для абмеркавання фармату шэсця.

Першая заяўка на правядзенне акцыі была перададзеная ў Мінгарвыканкам 6 студзеня. 7 лютага стала вядома, што ўлады далі адмоўны адказ. У лісце за подпісам кіраўніка спраў гарвыканкама Ганны Мацельскай адзначаецца, што ў гарвыканкам быў пададзены толькі дакумент пад назвай “Абавязацельствы па арганізацыі і правядзенні масавага мерапрыемства (дэманстрацыі)”. Уласна заяўкі на правядзенне шэсця не падавалася, як гэта прадугледжана  законам Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах”.

Акрамя гэтага ўлады горада ўгледзелі ў дзеяннях заяўнікаў парушэнне згаданага закона, які абвяшчае, што “арганізатары масавага мерапрыемства не маюць права аб’яўляць у СМІ, сетцы інтэрнэт або іншых інфармацыйных сетках аб даце, месцы і часе яго правядзення, вырабляць і распаўсюджваць з гэтай мэтай улёткі, плакаты і іншыя матэрыялы”. На падставе гэтага, паведаміў Мінгарвыканкам, “станоўча вырашыць разгляданае пытанне” аб дазволе шэсця ў Дзень Волі “не ўяўляецца магчымым”.

У сваю чаргу заяўнікі сцвярджаюць, што ў Мінгарвыканкам быў перададзены ўвесь пакет неабходных дакументаў. “Мінгарвыканкам, хутчэй за ўсё, “згубіў” дакументы адмыслова. Гэтая сітуацыя магла ўтварыцца таму, што чыноўнікі апошнім часам пазбягаюць кантактаў з заяўнікамі непасрэдна і прапануюць пакідаць дакументы ў агульнай скрыні каля ўваходу” — так пракаментаваў сітуацыю старшыня руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч.

Сёлета ў аргкамітэт па правядзенні Дня Волі ўвайшлі прадстаўнікі Партыі БНФ, руху “За Свабоду”, руху салідарнасці “Разам”, аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Дзень Волі штогод адзначаецца беларускай апазіцыяй, ён прымеркаваны да гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе.

Фота: RACYJA.COM

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»